Праект “50 пытанняў даросламу” сектара дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі ўжо заваяваў папулярнасць ва ўшачан. Нагадаем, што ў яго рамках праходзяць сустрэчы старшакласнікаў з паспяховымі і вядомымі ў раёне людзьмі. У гэты раз яго гасцямі сталі творчыя, мэтанакіраваныя музыканты гурта “Цень казак” Аляксандр Шкаруба, Максім Кашко і Крысціна Шыдлоўская.
Як аказалася, людзі яны вельмі рознабаковыя. Аляксандр нарадзіўся ў Мінску, але лічыць, што можна цікава жыць і ў невялікім гарадку. Электраманцёр прамысловых установак па адукацыі, ён працуе ў ТАА “Газпрам трансгаз Беларусь” аператарам газаразмеркавальнай станцыі. Цікаўны, інтэлектуальны, ён мае шмат захапленняў: апроч музыкі гэта кнігі і фільмы, а таксама байкерскі рух.
Матацыкламі, машынамі захапляецца і Крысціна. Карэнная ўшачанка па адукацыі юрыст, працуе ў рытуальнай сферы. Музычныя навыкі атрымала ў школе мастацтваў, а ў гурт трапіла, бо вельмі хацела навучыцца граць на барабанах. І хлопцы ацанілі імкненне і талент дзяўчыны!
Максім ужо ў сем год пачаў асвойваць у “музыкалцы” баян, а ў школьныя часы яны з хлопцамі сабралі гурт. Атрымаў адукацыю праграміста, працаваў у школе, цяпер жа з’яўляецца
рэгіянальным прадстаўніком міністэрства фінансаў ва Ушацкім раёне.
Аднойчы Максім і яго даўні сябар Аляксандр Грыневіч вырашылі запісаць некалькі трэкаў, папрасілі Аляксандра Шкарубу, каб ён сыграў гітарную партыю. На гэтым справа не скончылася! Так і ўтварыўся гурт “Цень казак”.
Першыя крокі аказаліся няпростымі. Неабходна было набыць абсталяванне, інструменты, разабрацца ў тэхнічных нюансах і, канечне, прыдумаць рэпертуар, навучыцца ўпэўне
на трымацца на сцэне.
Дэбют хлопцаў адбыўся ў 2020 годзе, калі іх запрасілі выступіць на свяце Дня Незалежнасці ва Ушачах. “Поўная плошча людзей з плакатамі, першыя аўтографы, просьбы сфатаграфавацца – мы не чакалі, што будзе настолькі крута!
Пасля такой падтрымкі зразумелі, што будзем і далей займацца музыкай”, – прыгадалі Аляксандр і Максім.
Адным з самых цёплых і запамінальных момантаў стаў нечаканы падарунак на іх сольным канцэрце. Гледачы падрыхтавалі торт з надпісам “Цень казак”, а таксама лагатыпы, выгравіраваныя на арт-шкле. Гэта было пацвярджэннем, што творчасць групы значная не толькі для яе ўдзельнікаў!
Знакавым дасягненнем стаў удзел у праекце, які праводзіла адна з расійскіх радыёстанцый – трэкі нашай групы пачула вялікая аўдыторыя.
Дарэчы, поспех нашым хлопцам прынесла тады знакавая кампазіцыя «Панк-рок». Сярод сваіх любімых трэкаў яны называюць “Пляску”, а першая напісаная песня мела назву “Поўнач”.
Творчы шлях любога музычнага калектыву складаецца як з узнёслых, так і з руцінных момантаў: падрыхтоўка да канцэртаў, рэпетыцыі, арганізацыйныя пытанні… Аднак, як прызнаецца Крысціна, усе цяжкасці забываюцца, калі выходзіш на сцэну, бо гэтыя эмоцыі немагчыма параўнаць ні з чым!
Як і ў любой дзейнасці, група сутыкаецца з крызісамі, зменай складу. Але кожны раз яны знаходзяць сілы рухацца далей.
Дарэчы, не так даўно да калектыву далучыліся маладыя музыканты Мікіта Крыжэўскі і Іван Драгун, якія хоць і вучацца ў іншых гарадах, але пры магчымасці ўдзельнічаюць у канцэртах.
На пытанне аб тым, што натхняе на напісанне музыкі, адказы былі рознымі. Максім можапрачнуцца сярод ночы з мелодыяй у галаве – адразу садзіцца за камп’ютар і запісвае трэк. Аляксандр жа чэрпае натхненнеў музыцы, якую слухае.
Акрамя творчасці ўсіх удзельнікаўаб’ядноўвае любоў да падарожжаў. Яны могуць у любы момант спантанна сабрацца і адправіцца ў шлях, нават калі на наступны дзень трэба ісці на работу.
“Цень казак” – гэта не проста гурт. Гэта людзі, якія аднойчы паставілі перад сабой высокую мэту і ўпарта ідуць да яе, не зважаючы на перашкоды. Яны не гоняцца за славай – проста робяць тое, што падабаецца і што падказвае ім сэрца.
Думаецца, што гэта – годны прыклад для старшакласнікаў, якія з заха пленнем слухалі шчыры аповед ушацкіх музыкантаў.
Анастасія ПОЛАЗАВА.


