Воры постоянно генерируют новые идеи для обмана своих жертв. Рассказываем про самые распространённые схемы мошенничества

Профилактика и безопасность

Злодзеі пастаянна генерыруюць новыя ідэі для падману сваіх ахвяр. Вылучым некалькі распаўсюджаных сцэнарыяў махлярства.

Просьба аб дапамозе. Людзі атрымліваюць SMS ці званкі з просьбай аб фінансавай дапамозе, напрыклад, з-за “аварыі” з блізкімі. Паведамленні часта прыходзяць з невядомых нумароў, ад імя сваякоў ці знаёмых. Пераправерце інфармацыю, патэлефанаваўшы ім!

Тэлефанаванні з невядомых замежных нумароў. Напрыклад, глыбокай ноччу паступае званок з-за мяжы, які літаральна адразу скідваецца. Сонны чалавек перазваньвае на гэты нумар, а пасля ўсталявання злучэння альбо нічога не чуе, альбо ў яго ўключаецца аўтаадказчык, а з рахунку абанента спісваюцца грошы.

Званкі “службы падтрымкі сотавага аператара”. Зламыснікі прапануюць вырашыць “узнікшую праблему” – некуды патэлефанаваць ці пералічыць грошы. Сапраўдныя аператары сотавай сувязі запрашаюць абанента ў фірменны цэнтр продажу паслуг.

Атрыманне прыза. На тэлефон ахвяры паступае званок ці паведамленне пра прыз, які трэба забраць, выконваючы ўказанні ашуканца (перазваніць на кароткі нумар, заплаціць падатак за выйгрыш і г.д.). Праверце інфармацыю!

Званкі “з банка”. “Супрацоўнік банка” паведамляе, што ёсць падазрэнні аб спробах несанкцыянаванага доступу да банкаўскай карты ахвяры, і просіць назваць логін і пароль ад кабінета карыстальніка, даныя пашпарта. Насамрэч такі спецыяліст ніколі не будзе выведваць канфідэнцыяльную інфармацыю.

SMS з просьбай перайсці па ўказанай спасылцы для разблакіроўкі электроннай пошты, акаўнта і інш. Пры пераходзе адбываецца перанакіраванне на інтэрнэт-рэсурсы зламыснікаў, якія атрымліваюць доступ да асабістага кабінета, акаўнта. Удакладніце ўсё, патэлефанаваўшы на “гарачую лінію” сэрвісу або зайшоўшы на інтэрнэт-рэсурс.

Здавалася б, улоўкі махляроў ужо ўсім вядомыя, аднак колькасць ахвяр не змяншаецца – у тым ліку і сярод нашых землякоў. Так, летась злодзеі патэлефанавалі жыхарцы райцэнтра і пераканалі яе аформіць крэдыт на суму больш 50000 рублёў і перавесці сродкі на іх рахунак. Адметна, што супрацоўнікі райаддзела міліцыі напярэдадні праводзілі з ушачанкай прафілактычную работу і незадоўга да пералічэння грошаў яна папярэджвалася, што ў яе адносінах прадпрымаюцца незаконныя дзеянні – аднак нават гэта жанчыну не спыніла ад неразважлівага ўчынку.

Раман ГУРЧОНАК, намеснік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *