Стымул для тых, хто пакуль адкладвае візіт да “зубнога доктара”: ва Ушацкую ЦРБ паступіла новае абсталяванне прэміяльнага класа – ёсць магчымасць ацаніць. Сэнсарны экран з падключанай камерай, падагрэў вады і нават музыка для супакаення… Такія стаматалагічныя ўстаноўкі нават у прыватных клініках не часта сустрэнеш.
Каб убачыць навінку ў ліку першых, іду ў 45-ы кабінет паліклінікі, дзе прыём вядуць Аляксандр Міхайлавіч Званкоў (на здымку) і Жанна Ніканораўна Рыбчынская. Даведваюся, што на новым абсталяванні яны працуюць па чарзе – з улікам таго, хто ў дадзены момант аказвае платныя паслугі.
На ўрачэбным модулі – якраз перад вачыма пацыента – прыкмячаю шырокі дысплэй. Аказваецца, каб ацаніць стан сваіх зубоў, дзёснаў, больш не патрэбны нязручныя люстэркі – усё можна разгледзець у рэжыме рэальнага часу дзякуючы невялікай камеры, якую доктар падносіць да патрэбнай зоны.
Зняць зубныя камяні, прычым, практычна бязбольна – таксама не праблема: ва ўстаноўцы прадугледжаны скейлер. Такі інструмент у кабінеце ўжо быў (набываўся асобна), аднак і гэты, упэўнены медыкі, незапатрабаваным дакладна не застанецца.
Абсталяванне набыта за сродкі раённага бюджэту. На кошт платных стаматалагічных паслуг праведзеная мадэрнізацыя не паўплывала.
Звяртаю ўвагу на стаматалагічную лямпу, непрывычна “абсыпаную” двухколернымі святлодыёдамі. Даведваюся, што яна забяспечвае бясценевую факусіроўку, а яркасць можна рэгуляваць.
Каб дакладна нічога не ўпусціць, саджуся ў крэсла для пацыентаў. Сказаць, што камфортна, – гэта нічога не сказаць. Шырэйшае за сваіх папярэднікаў (між тым, доктару ў рабоце гэта не перашкаджае), з эрганамічнай абіўкай, супрацьслізготнымі падлакотнікамі. Дарэчы, каркас – узмоцнены і вытрымлівае вагу да 185 кілаграмаў.
– Збоку яшчэ трывожная кнопка прадугледжана – каб пры патрэбе чалавек без слоў мог прыцягнуць нашу ўвагу, – уводзіць у курс спраў А.М.Званкоў. – Падагрэтай вадой пацыенту камфортней паласкаць рот. Спрашчаецца і працэс дэзінфекцыі інструментаў: дзякуючы сучаснай сістэме апрацоўкі, дастаткова проста заліць ва ўстаноўку раствор, націснуць кнопку і пачакаць 30 секунд.
…Пакідаю кабінет з самымі прыемнымі ўражаннямі. З такімі кваліфікаванымі спецыялістамі і сучасным абсталяваннем ніякія стаматалагічныя працэдуры не страшныя!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

