Игорь Садовский борется с суровой зимой вместе с новым трактором «Амкадор-211»

Общество

За надвор’ем любы камунальнік сочыць у гэтыя дні ўважліва. Аб набліжэнні цыклона “Ляоні” Ігар Садоўскі даведаўся загадзя, таму і спаць напярэдадні ўвечары лёг раней – ведаў, што падымацца давядзецца пасярод ночы. Так і было – у 4 гадзіны механізатар ужо быў за рулём свайго манеўранага “Амкадора”. Паколькі снег увечары 27 студзеня ішоў амаль без перапынку, то вуліцы пакрыла шчыльная белая коўдра, а каб яе зняць, па кожнай трасе даводзіцца праходзіць ў два, а то і чатыры сляды.

Гэты маленькі трактар незаменны пры расчыстцы тратуараў, вузкіх вуліц, двароў, у якіх Ігар не абмінае і стаянкі для аўтамабіляў, калі там, канечне, няма машын. Распачынаў працоўны дзень з Віцебскай, дзе раніцай на работу і ў школу ідзе самы вялікі паток людзей, а потым па чарзе займаўся ўборкай снегу ў іншых мікрараёнах. У другой палове дня памяняў лапату на коўш і дапрацоўваў Калінінскую: вывозіў са з’ездаў гурбы, якія ўтварыліся пасля расчысткі тратуара. Шпарка раскручваўся з каўшом, стоячы на месцы, і высыпаў яго ў вялікія кучы, якія потым вывезуцца. Ішла дванаццатая працоўная гадзіна, канца працяглай вуліцы не было відаць, а на пытанне, да якога часу за рулём, адказаў неканкрэтным: “Як закончу”.

Хоць уладкаваўся механізатар у камунгас зусім нядаўна – яму даверылі новую машыну без ваганняў. Па-першае, каб не прастойвала, паколькі вопытны работнік Уладзімір Лук’янёнак пайшоў у адпачынак, па-другое, І.Садоўскі мае І клас і, адпаведна, катэгорыі і допускі на ўсе віды трактароў. Ды і падобнай, толькі большай па памеры тэхнікай былы палачанін таксама кіраваў, калі працаваў у Расіі.

Манеўраны “Амкадор-211” камунальнікі атрымалі паўгода таму. Міні-пагрузчык універсальны – на яго можна зачапіць самыя розныя навясныя агрэгаты, таму і выкарыстоўваецца на будоўлі, пры пагрузцы сыпучых і аб’ёмных грузаў, на ўборцы вуліц у летні час – і проста незаменны на абмежаванай плошчы.

Адначасова на лініі пасля снегападу працавала 7 розных трактароў камунгаса.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *