Па інфармацыі раённага аддзела ўнутраных спраў, у студзені 2026-га на Ушаччыне было ўзбуджана чатыры крымінальныя справы.
Рахунак апусцеў
Ад дзеянняў інтэрнэт-махляроў на гэты раз пацярпела маладая жыхарка раёна. Праўда, дзе канкрэтна “пракалолася”, сама не ведала, паколькі падазроных званкоў ці паведамленняў у мэсанджары ёй не паступала. Адзінае – вяскоўка любіла пагуляць на біржы, для чаго карысталася ў тым ліку сродкамі з накапляльнага крэдытнага рахунка, які афармляла для сваёй сястры (дадатак банка быў устаноўлены на яе смартфоне). Злодзеі атрымалі да яго доступ і праз шматэтапны перавод грошаў на іншыя карткі завалодалі дзвюма тысячамі рублёў.
Эканоміў не там, дзе трэба…
Сур’ёзныя праблемы з законам зарабіў сабе жыхар гарпасёлка, які на працягу амаль года злосна не выплачваў аліменты на ўтрыманне сваёй непаўналетняй дачкі. У выніку запазычанасць склала больш за 11 тысяч рублёў. Мужчыну пагражае да аднаго года пазбаўлення волі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

