Когда дерево оживает. Работник Ушачского лесхоза Дмитрий Пашкевич превращает лес в сказку

Общество

Работніка Ушацкага лясгаса Дзмітрыя Пашкевіча ў нашым раёне ведаюць многія, і нават тыя, хто асабіста з ім не знаёмы, дакладна бачылі творы гэтага самабытнага майстра. Ледзь не ў кожнага ўшачаніна ў мабільніку знойдуцца здымкі яго чароўных драўляных кампазіцый, у мяне ж іх увогуле шмат: пейзажы з дэндрапарку, сэлфі з абаяльнымі бабрамі на экасцяжыне, зусім свежыя кадры з “птушынай сталовай”… У мастацкіх вырабах заўсёды можна разгледзець душу аўтара: яго тэмперамент, унутраны свет. Лесуны і гномы, звяры і птушкі Дзмітрыя Мікалаевіча выпраменьваюць пазітыў, таму, ідучы да яго ў госці, не сумнявалася, што знаёмства будзе прыемным.

І не памылілася. Чалавек вельмі просты і добразычлівы, цікавы, начытаны суразмоўца з філасофскай глыбінёй меркаванняў і шчырай самаіроніяй – дзве гадзіны ў яго кампаніі праляцелі, як адно імгненне.

Продкі Дзмітрыя – з Ушаччыны, да таго ж ён – прадаўжальнік дынастыі лесаводаў. Лесніком працаваў дзядуля Васіль Васільевіч Федарэнка, сям’я якога жыла ў Лутавым Сяльцы. Бацькава ж радня – з Лагавых: Мікалай Васільевіч Пашкевіч працаваў ва Ушацкім лясніцтве, а яго брат Пётр – у Сарочынскім. Нядзіўна, што і Дзіма з маленства адчуваў прыцягненне ўшацкіх бароў. З гумарам прыгадвае, як аднойчы раніцай дарослыя давялі яго да брамкі дзіцячага сада – і паспяшаліся па справах. У групу не хацелася: вясна, сонейка, птушкі пяюць… А ў лесе, напэўна, яшчэ прыгажэй! Паколькі бліжэйшы масіў быў у лутаўскім баку, туды і пашыбаваў юны падарожнік. Зусім крыху не дайшоў: бабуліны суседзі ехалі ва Ушачы і патэлефанавалі ёй: маўляў, ці не ваш гэта Дзімка адзін па шашы гуляе?

Ну а што да першых разьбярскіх навыкаў, то іх хлопец атрымаў у школьнай майстэрні на ўроках працы Франца Віктаравіча Струя: выраб указак вучні асвоілі дасканала.
Больш сур’ёзны вопыт у гэтай справе быў атрыманы ў пачатку “нулявых”, калі Дзмітрый прыйшоў працаваць у лясгас лесарубам. На базе нашага прадпрыемства збіраліся правесці рэспубліканскі семінар. Гасцей трэба было чымсьці ўразіць – вырашылі стварыць ля Ушацкага лясніцтва зону адпачынку, якая пазней атрымала ў народзе назву “пянькі”. Да будаўніцтва альтанак, бярозавага мастка далучыліся ўсе, хто мог трымаць у руках пілу і малаток, а тагачасны ляснічы Павел Іванавіч Дубоўскі ўмела кіраваў працэсам. Фішкай праекта стала шасціметровая драўляная фігура лесніка – Дзмітрыю даручылі адказную місію: выраб галавы, што ў яго добра атрымалася.

Малады работнік вучыўся, прыглядаўся, у прыватнасці, да таго, як віртуозна валодае інструментам вопытны майстар Уладзімір Пранік. А аднойчы Дзмітрыю прапанавалі выразаць фігуры для аздаблення тэрыторыі Ушацкага лясніцтва – так з’явіліся вожык і дзядуля-лясун. Пазней, калі тут распачалося маштабнае добраўпарадкаванне, панарама дапоўнілася цэлым шэрагам скульптур. Адна з самых прыгожых – страказа, што прысела на кветачку. Дарэчы, падобную кампазіцыю Дзмітрый вырашыў стварыць і падчас абласнога конкурсу “Лясная магія”, які праводзіўся ў Шуміліне ў 2021-м годзе. Два дні 12 лепшых разьбяроў лясгасаў Прыдзвіння шчыравалі над драўлянымі шэдэўрамі, якія потым упрыгожылі гарадскі парк на абласных “Дажынках”. Калі ж працягнуць конкурсную тэму, то варта прыгадаць, што герой нашага аповеду лічыцца адным з лідараў прафесійных спаборніцтваў “Лесаруб” і неаднойчы адстойваў гонар ушацкага прадпрыемства на абласных этапах.

Зараз Дзмітрый прафесійна займаецца разьбярствам, прычым шчыруе не толькі ў дрэваапрацоўчым цэху, а і, як кажуць, бярэ работу на дом. Ён настолькі ёю захоплены, што гатовы траціць значную частку свайго заробку на набыццё разнастайных станкоў і інструментаў, таму яго ўласная майстэрня ўражвае і плошчай, і абсталяваннем. У час нашага візіту ён вырабляў арыгінальныя лавачкі, якія ўпрыгожаць аб’екты лясгаса. “Як узнікаюць ідэі работ?” – пытаемся ў майстра. “Некаторыя прыдумваю сам, іншыя прапануюць дырэктар лясгаса Аляксей Апёнак і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка, а бывае, і прырода іх падказвае. Напрыклад, у месцы, дзе мы пабудавалі аглядную пляцоўку на экасцяжыне, на рэчцы сапраўды жыла сям’я баброў, вось я і “перасяліў” яе крыху вышэй”, – усміхаецца наш суразмоўца.

Цікавімся ў яго таксама, якая драўніна аптымальная для вырабаў. “Для рэчаў, што стаяць у памяшканнях, падыдзе амаль любая, а вось для скульптур пад адкрытым небам – дуб. Ён – цар лесу, таму і адносін патрабуе адпаведных: з няякасным інструментам, кепскім настроем лепш да яго не падыходзіць – выраб дасканалым не атрымаецца. Увогуле ж спіленае дрэва не пераходзіць у разрад мёртвых, яно ўсё роўна нясе дух жыцця, а яшчэ – унікальную інфармацыю. Па кольцах на ствалах можна не толькі ўзрост вызначыць, а і даведацца, калі панавала засуха, а які сезон быў лагодны, я не кажу ўжо пра кулі і асколкі – артэфакты гісторыі нашых мясцін”, – разважае Дзмітрый.

У аповедзе пра майстра нельга не прыгадаць і вельмі важную ў яго жыцці жанчыну. З Марынай Камінскай яны вучыліся ў адным класе, потым лёс іх развёў, але сямейны вопыт у абаіх аказаўся не надта ўдалым. Яны з’ядналіся праз 20 год на школьным вечары сустрэчы выпускнікоў – каб больш не разлучацца. У прыгожым доме, дзе амаль усё зроблена рукамі гаспадара – утульна і цёпла. А калі жывеш у гармоніі – хочацца дарыць усім іншым светлую энергію сваёй душы.

Лесарубы сцвярджаюць, што дзялянкі, дзе калісьці працаваў Дзіма Пашкевіч, лёгка вызначыць. На іх дзе-нідзе ўбачыш выразаную з дрэва галаву лася ці выяву птушкі. “Сядаем абедаць, а ён раптам спыняе позірк на якім-небудзь пні ці сухой галіне, а потым бярэ інструмент – і шэдэўр гатовы! Праўда, не ўсе яны ў лесе застаюцца: лесаводы ці грыбнікі іх сабе забіраюць”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *