В Ушачах по традиции почтили память воинов — интернационалистов

Общество

Воіны-афганцы – людзі асаблівай загартоўкі. Прайшоўшы суровыя выпрабаванні ў гарачых кропках, яны засталіся верныя слаўным традыцыям баявога братэрства. І адна з самых галоўных – збірацца разам кожны год 15 лютага ля памятнага знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў ва Ушачах.

А разам з імі сюды на мітынг прыходзяць і іншыя ўшачане – прадстаўнікі працоўных калектываў і сілавых структур, моладзь і ветэраны. Нягледзячы на выхадны марозны дзень, да знака зноў неслі чырвоныя гваздзікі і Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў называлі адным з самых шчымлівых мерапрыемстваў у календары раённых падзей.

Ад ваенных відэакадраў, летапісу афганскіх падзей, тэматычных песень з глыбокім сэнсам сціскалася сэрца ў гледачоў падчас тэматычнага канцэрта ў цэнтры культуры. А ўшацкія “афганцы” стараліся трымацца і не даваць волю эмоцыям. Ніколі не прапускаюць мерапрыемства Васіль Полазаў, Аляксандр Аўдошка, Алег Рагавешка, Ігар Лёля, Васіль Бяльковіч, Віктар Гірсёнак і многія іншыя, якія прыйшлі са сваімі роднымі і калегамі. Імёны ўсіх 33-х воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія пражываюць у раёне, прагучалі са сцэны, а прысутным былі ўручаны каштоўныя падарункі. Слова ад імя афганскай суполкі трымаў яе лідар Уладзімір Андрыковіч, які пажадаў сваім таварышам самага патрэбнага – здароўя і вытрымкі.
Цікавыя выставы наладзілі да гэтай даты раённая бібліятэка і музей народнай славы. З цікавасцю прысутныя слухалі аповед дырэктара музея Святланы Турло, разглядалі асабістыя рэчы, чорна-белыя здымкі, баявыя ўзнагароды, лісты, якія афганцы ў час службы пісалі родным. Сярод экспанатаў, напрыклад, і ліст нашага земляка Аляксандра Клачка – у лютым 1983-га ён пісаў вельмі цёплыя радкі на радзіму, расказваў пра службу, а праз 15 дзён пры вяртанні з баявога задання на верталёце МІ-8 загінуў. Захоўваецца ў музеі і ліст, які ў 1988-м прыйшоў у Мажуйкі: у ім сям’і Ключонкаў паведамляюць, што падчас выкананя задання ў Афганістане не стала іх сына Мікалая…

Затрымліваліся героі мерапрыемства і каля фотавыставы ўжо сучасных дзён. “Вось гэта мы ля БТРа, калі адкрываўся памятны знак, а гэта – мінулагодняе фота”, – разглядалі здымкі воіны-афганцы і жыва абмяркоўвалі, дзе і калі былі зроблены кадры. Дарэчы, выстава, прымеркаваная Дню вываду войск з Афганістана, будзе працаваць у музеі да 25 лютага.

Пасля тэматычнага канцэрта хлопцы не спяшаліся разыходзіцца, наадварот, прагучала бойкае: “Па машынах!” Шмат гадоў і яшчэ адной традыцыі – аб’язджаць могілкі таварышаў, што пайшлі з жыцця не толькі ў ваенны, а і мірны час. Прыпынкаў на гэтым жалобным маршруце год ад году ўсё больш. Час няўмольны, але недапушчальна, каб сышлі ў нябыт імёны і подзвігі герояў той вайны. Такія паездкі, канечне, для афганцаў маральна цяжкія, але яны лічаць іх неабходнасцю. І нават маразы і сумёты на вясковых могілках не сталі перашкодай таму, каб да кожнага помніка 15 лютага ляглі чырвоныя гваздзікі.

Абавязковая кропка ў маршруце гэтага дня – Мажуйкі. Кожны год у вёску заязджаюць афганцы не толькі на магілу таварыша Мікалая Ключонка, а і да яго маці Ганны Тарасаўны. У гэты дзень яна абавязкова чакае хлопцаў, рыхтуе для іх пачастункі і кожнага горача абдымае. “Яна ж нас чакае… Мы па магчымасці яе не толькі 15 лютага праведваем, для яе гэта вельмі вялікая радасць. Як сыноў сустракае”, – кажуць мужчыны.

Завітаў у Дзень памяці да Ганны Тарасаўны і намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў – перадаў матэрыяльную дапамогу і падарунак ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. “Ні з чым не параўнаць гора матуль, якім давялося пахаваць сваіх сыноў! Калі гіне салдат, падраздзяленне губляе баявую адзінку, а маці – страчвае ўсё, свет для яе разбураецца. Няхай наша ўвага хоць крышачку суцішыць яе боль”, – зазначыў Генадзь Міхайлавіч.

З моманту завяршэння вайны ў Афганістане мінула ўжо 37 гадоў, але памяць аб ёй жыве ў сэрцах тых, хто прайшоў яе нялёгкія дарогі, жыве ў помніках і мемарыялах у гонар тых, хто не вярнуўся.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *