Таблічка з прозвішчам Рахманенка на дзвярах кабінета ляснічага Касарскога лясніцтва вісіць ужо 50 год. У далёкім 1976-м гаспадарскую адказнасць за неабсяжныя навакольныя бары ўзяў на сябе Алег Сцяпанавіч Рахманенка – а пра тое, як вёў ён справы, сведчыць званне Ганаровага лесавода Рэспублікі Беларусь. У 2004-м на гэтай пасадзе яго змяніў сын – і не знізіў вытворчую планку!
Касарское лясніцтва стабільна ўтрымлівае высокія пазіцыі не толькі ва Ушацкім лясгасе, а і ў Віцебскім вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні. Днямі ж прыйшла радасная навіна: Мікалая Алегавіча Рахманенку прызналі лепшым ляснічым нашай краіны!
Для сціплага чалавека, будні якога праходзяць у ціхай глыбінцы, гэты тыдзень стаў сапраўным выпрабаваннем: паездка на ўрачыстасць у міністэрства, інтэрв’ю для газет і тэлебачання, шматлікія фотасесіі… Прасцей усе касарскія ўгоддзі пешшу абысці, чым вытрымаць такую хвалю ўвагі! Зрэшты, дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей Апёнак зазначае, што нечаканай прыемная навіна для яго не стала: “Мікалай Алегавіч гэтага цалкам дастойны! Спецыяліста з такім вопытам, аўтарытэтам і адданасцю любімай справе трэба яшчэ пашукаць!”
“Адметна, што за час правядзення конкурсу наш ляснічы стаў першым прадстаўніком Віцебшчыны, які атрымаў перамогу ў гэтай намінацыі, – не хавае радасных эмоцый намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка. – Дарэчы, маем звесткі, што яго кандыдатуру на званне пераможцы камісія падтрымала адзінагалосна”.
Якія ж аргументы сыгралі на яго карысць? Найперш гэта гадавыя паказчыкі. Касарскія работнікі асаблівую ўвагу надаюць аднаўленню лясоў. Летась новыя лясныя культуры з’явіліся больш чым на 30-ці гектарах плошчаў. Высокім аказаўся працэнт прыжывальнасці: 79,3 – для культур першага года, 78,2 – для трэцяга, а на 54-х гектарах, дзе ён быў ніжэй нарматыўнага, праведзена дапаўненне. Засаджаныя ўчасткі атрымліваюць статус лесу толькі праз 7 год і пры ўмове, што дрэўцы дайшлі да патрэбнай “кандыцыі” – у мінулым годзе касаране перавялі ў гэты разрад усе запланаваныя лясныя культуры.
Касарскія лесаводы своечасова праводзілі доглядныя работы: пры плане 92 гектара фактычна яны выкананы на 109-ці. З-за суседства з Бярэзінскім запаведнікам у мясцовых лясах вялікая колькасць жывёл, якія могуць нашкодзіць маладым дрэўцам. Каб гэта папярэдзіць, летась лесаводы абгарадзілі 12 гектараў найбольш “папулярных” у ласей, казуль і аленяў участкаў, а на 70-ці апрацавалі верхавіны сасновых пабегаў прэпаратам ад патраваў.
“Восенню ў наша лясніцтва грыбнік завітаў: пытаўся, ці можна заходзіць за агароджу ва ўрочышчы Лысыя горы. Патлумачылі яму, што яна ўстаноўлена толькі для жывёл, але ж і падзякавалі за такую ўважлівасць і неабыякавасць. Хацелася б, каб усе наведвальнікі беражліва да лесу ставіліся: не смецілі, не знішчалі дрэвы, не стваралі рызыку ўзгарання. Дарэчы, адсутнасць пажараў, эфектыўнасць праведзеных рэйдаў таксама ўлічваюцца ў конкурсе”, – падзялілася з намі Вольга Рахманенка – надзейны памочнік ляснічага па адпаведнай пасадзе і верны спадарожнік па жыцці.
Ну а сам ляснічы падкрэслівае, што яго перамога – вынік плённай дзейнасці ўсяго лясніцтва, у штаце якога зараз 21 чалавек. “Касцяк нашага калектыву складаюць вопытныя мясцовыя работнікі, стаж леснікоў Васіля Корзуна, Уладзіміра Счаснага, Дзмітрыя Карчэўскага – больш за 30 год, сярод перадавікоў – трактарыст Анатоль Станкевіч, вальшчыкі Анатоль Бычынскі і Валерый Лапіцкі, увогуле літаральна кожнае прозвішча я мог бы прыгадаць у якасці станоўчага прыкладу. Канечне, як і ў большасці аддаленых лясніцтваў, ёсць праблема з маладымі кадрамі, таму вельмі прыемна, што днямі ў нас пачне сваю кар’еру мясцовы хлопец – майстар лесу Кірыл Бычынскі”, – расказвае Мікалай Рахманенка.
А яшчэ прызнаецца, што кіраваць вытворчым калектывам у вёсцы, дзе ўсе цябе ведаюць з дзяцінства, – вялікая адказнасць: кожны твой учынак, кожнае рашэнне навідавоку, і каб захаваць аўтарытэт у землякоў, трэба быць выключным прафесіяналам, сумленным і разважлівым чалавекам.
Дарэчы, слаўную дынастыю Рахманенка працягнулі і прадстаўнікі маладога пакалення. Абодва сыны Мікалая і Вольгі атрымалі вышэйшую профільную адукацыю, Аляксандр працуе інжынерам у нашым лясгасе, Віктар – у кампаніі “Івацэвічыдрэў”. Хлопцы і спадарожніц жыцця абралі са сваёй сферы. Жонка старэйшага брата Аксана – таксама лясгасаўскі работнік, маладая сям’я атрымала ў райцэнтры арэнднае жыллё, а іх дачушка Варвара хутка далучыцца да дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”. Калі падлічыць агульны стаж работы прадстаўнікоў гэтай сям’і ва Ушацкім лясгасе, то лічба дасягне 125-гадовага паказчыка. І для кожнага з іх характэрны шчырая адданасць абранай прафесіі, любоў да роднай прыроды і бацькоўскай зямлі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

