«Земельная амнистия» дала возможность разрешить многие проблемные вопросы

Общество

Літаральна кожнага з нас цікавіць тая плошча зямлі, якую мы называем сваёй. І многа людзей па ўсёй краіне працуюць над тым, каб выканаць замеры, зрабіць ацэнку, вызначыць водаахоўныя зоны, выключыць захоп суседскіх участкаў ці ляснога фонду. У раёнах гэтая работа прыпадае на аддзелы землеўпарадкавання райвыканкама, і напярэдадні прафесійнага свята мы гутарылі з галоўным спецыялістам службы А.Ф.Кісель.

– Алеся Фёдараўна, з часоў “зямельнай амністыі” прайшло дастаткова часу, каб навесці парадак з метрамі і дакументамі і, напэўна, у вас ужо менш работы?

– Зразумела, усё значна спрасцілася пасля праведзенай інвентарызацыі, калі мы звязваліся літаральна з кожным землекарыстальнікам. Аднак легалізацыя зямлі – і сёння самае актуальнае пытанне. Пасля выяўлення 562 фактаў незаконнага заняцця ўчасткаў, да гэтага часу не навялі парадак з дакументамі 146 чалавек. Аднак большасць скарысталіся “зямельнай амністыяй” – 270 надзелаў вызвалены і вернуты – знесены пабудовы – пераважна старыя, якія ўзводзіліся блізка ад дома, калі не было дакладнага ўліку і зямлёй карысталіся “па мяжы” ці на чэсным слове: тваё, маё. А яшчэ ў 104 выпадках прыняты рашэнні райвыканкама і людзі ўзаконілі свае пабудовы ці межы.

– Ці з разуменнем ушачане ставяцца да змен у заканадаўстве?
– Па-рознаму. Ёсць такія, што шчыра рады магчымасці легалізаваць. Пытанне ўзаконьвання самавольных пабудоў заўсёды стаяла востра. І калі ў межах участка ў большасці выпадкаў вырашалася станоўча для “самавола”, то па-за яго межамі прыняць у эксплуатацыю будынак было немагчыма незалежна ад таго – увесь ён стаіць на чужой зямлі ці толькі частка. Да 1 верасня 2022 года не існавала іншага варыянту – толькі знос. Таму зразумела, што задаволены жыхар Селішча, які мае ля кватэры законную лазню і летнюю кухню, ці дачнік са Стараселля, у якога гараж усяго на некалькі метраў не ўпісваўся ў межы. Яны проста заплацілі за легалізацыю па кадастравым кошце занятай імі зямлі. Ну а ёсць такія, што чакаюць паслаблення заканадаўства.

– Мабыць і маюць рацыю, паколькі па рэспубліцы дастаткова “самазахопаў”, а ў гарадах намнога вышэйшы кадастравы кошт зямлі.
– Пакуль што яны дачакаліся толькі павышэння кадастравай цаны ўчасткаў. А “амністыя” – мера часовая, пасля яе завяршэння ўсе незаконна занятыя ўчасткі павінны быць вызвалены. Згодна Кодэкса аб зямлі ў выпадку невыканання парушэння добраахвотна знос выканаюць прымусова, а затраты ў судовым парадку зноў жа лягуць на ”захопніка”. І чым даўжэй ты незаконна карыстаешся зямлёй, тым больш аплаты. Таму настойліва раю ўсім, у каго надзелы яшчэ не ўпарадкаваны па законе, скарыстацца спрошчаным парадкам легалізацыі, які падоўжаны да 2028 года.

– Раней хапала і зямельных спрэчак. Ці даводзіцца вам выязджаць на “прымірэнне”?
– Хапае і такіх выпадкаў. Што датычыцца выездаў, то, канечне, як і раней мы выязджаем на кожны ўчастак, па якім прымалася рашэнне, каб пераканацца, што, напрыклад, пабудова знесена.

– Дзякуй Вам за тлумачэнні і віншуем з прафесійным святам!

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *