У дзень, калі мужчыны адзначалі сваё галоўнае свята, работнікі цэнтра культуры, педагогі і вучні дзіцячай школы мастацтваў запрасілі ўшачан на ўрачыстае мерапрыемства.
Віншавальныя словы абаронцам Айчыны адрасавала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райсавета Наталля Марковіч, якая падкрэсліла, што гэтае свята традыцыйна з’яўляецца сімвалам мужнасці, самаадданасці, годнасці і гонару. У канцэртнай праграме знайшлося месца і кранальным нумарам, прысвечаным памяці воінаў-герояў, і народным матывам у выкананні гурта “Натхненне”, і вясёлай тэатралізаванай пастаноўцы аб тым, што каб стаць жонкай генерала, трэба выходзіць замуж за лейтэнанта. Так, сям’я – гэта надзейны тыл нашых вайскоўцаў. І работнікі Дома рамёстваў разгарнулі ў фае творчую майстэрню “Падарункі абаронцам”, дзе дзеці з дапамогай дарослых з захапленнем выраблялі сувеніры для сваіх татаў і дзядуляў.
Імпрэза атрымалася яркай і насычанай на эмоцыі – пра гэта казалі пасля канцэрту ўсе гледачы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

