Такой колькасці рыбаловаў на возеры Должына адначасова, напэўна, яшчэ не было! У суботу менавіта на гэтым вадаёме нашага раёна ладзіліся спаборніцтвы па зімняй падлёднай лоўлі рыбы сярод членаў абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання. Каля сотні рыбакоў, а таксама членаў іх сямей прыехалі на Ушаччыну адпачыць і паспаборнічаць.
На лёд выйшлі ажно 24 каманды, у складзе кожнай было па 4 ўдзельнікі, пры гэтым віталася прысутнасць жанчын. І трэба сказаць, што прадстаўніцы прыгожай паловы з лоўляй рыбы спраўляліся не горш за мужчын, а часам нават і лепш: падчас узнагароджання 9 работніц лясной сферы былі адзначаны падарункамі. Сваю каманду выставілі і гаспадары – Ушацкі лясгас прадставілі Сяргей Шамук, Уладзіслаў Галімбоўскі, Вадзім Кляпец, Аляксандр Мяркулаў.
На працягу чатырох гадзін удзельнікі вудзілі рыбу. Адным вельмі пашанцавала, для другіх дзень аказаўся не надта ўдалым. Так, самы буйны шчупак у 652 грамы трапіў на кручок прадстаўніка “Віцебсклесу”, а самую маленькую рыбку вылавіў прадстаўнік з Багушэўска – яна важыла ўсяго 2 грамы, прычым, гэта аказаўся ўвесь яго ўлоў. Так, вынік залежыць не толькі ад майстэрства і вопыту, а і ад удачы, месца і надвор’я.
Самая вялікая вага ў камандным заліку аказалася на рахунку Шумілінскага лясгаса, другое месца занялі рыбаловы з Бярэзінскага біясфернага запаведніка, а “бронза” спаборніцтваў дасталася камандзе Чашніцкага філіяла “Папяровая фабрыка “Чырвоная зорка”.
Незалежна ад выніку ніхто не пакідаў пляцоўку ў дрэнным настроі. Сяброўская атмасфера, смачная юшка і каша, якімі частавалі гасцей работнікі Ушацкага лясгаса пакінулі ва ўдзельнікаў добрыя ўражанні.
На здымках: каманда Ушацкага лясгаса, самы сціплы і самы вялікі ўловы.
Вольга КАМАРКОВА.


