Минуты на помощь – доверие на года. 4 марта отмечается День милиции Республики Беларусь

Общество

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і аддзел міліцыі – з аператыўна-дзяжурнай службы. Гэта першае звяно, куды паступае інфармацыя пра здарэнні, куды звяртаюцца па дапамогу людзі, дзе прымаюцца часта самыя важныя рашэнні.

У “дзяжурцы” Ушацкага РАУС ціха не бывае ніколі. Менавіта тут акумуліруюцца і апрацоўваюцца ўсе паведамленні: і ад службы 102 (званкі на гэты нумар з нядаўняга часу аўтаматычна накіроўваюцца на Віцебск), і ад жыхароў раёна, якія патэлефанавалі сюды па гарадскім ці мабільных тэлефонах, і ад тых, хто прыйшоў з праблемай асабіста. А ўжо дзяжурныя вырашаюць, што з гэтым рабіць, размяркоўваюць выклікі паміж праваахоўнікамі.

У райаддзеле міліцыі быць на сувязі дапамагаюць тэлефонныя апараты, радыёстанцыя і падключаны да бесперабойніка камп’ютар, які будзе працаваць, нават калі ва ўсім гарпасёлку адключаць электрычнасць. “Нацюрморт” дапаўняе карта раёна, праўда, заглядваць у яе праваахоўнікам няма патрэбы: усе добра ведаюць размяшчэнне населеных пунктаў і вуліц.
– Калі паступае званок у службу 102, аператар заводзіць віртуальную картку, дзе коратка апісвае праблему, – пасвячае нас у тонкасці справы старшы аператыўны дзяжурны Канстанцін Васільевіч Аўсіевіч. – Прычым, многае для эканоміі часу запаўняецца аўтаматычна: напрыклад, адкуль паступіў званок, на чыё імя зарэгістраваны нумар. Затым картка перасылаецца нам – у аддзел міліцыі, які адказвае за раён, дзе ўзнікла праблема. На ўсё пра ўсё сыходзіць менш за хвіліну. Калі паведамленне трапляе да нас, камп’ютар падае святлогукавы сігнал і не спыняе яго, пакуль не прачытаем ліст. Пры патрэбе звязваемся з чалавекам, удакладняем інфармацыю – і на месца ўжо накіроўваецца нарад.

У летні час, калі на Ушаччыну прыязджаюць дачнікі, колькасць зваротаў павялічваецца. Прычым, самымі напружанымі для праваахоўнікаў становяцца не толькі святочныя ці выхадныя дні – шмат выклікаў паступае чамусьці па панядзелках.

Увогуле спакойных дзяжурстваў у практыцы супрацоўнікаў АДС практычна не бывае.

Гэтай марознай зімой пяць разоў даводзілася ратаваць чалавечыя жыцці: выцягваць са снегу і дастаўляць у аддзел выпівох, якія заснулі на вуліцы ці не знайшлі ў сабе сілы самастойна ўстаць. А нядаўна ўгоншчыка затрымалі: жыхар Полаччыны імчаў на чужым аўто праз наш раён з Лепеля. Кожная хвіліна была на вагу золата, таму вадзіцель АДС Віктар Міхайлавіч Аўдошка, не чакаючы падтрымкі ДАІ, ускочыў у службовы аўтамабіль і разам з участковым інспектарам спыніў парушальніка.

– Нярэдкасць – махлярскія дзеянні праз інтэрнэт, ад якіх церпяць як маладыя, так і сталыя жыхары раёна, а таксама сямейныя канфлікты, якія звычайна ўчыняюцца “падшафэ”, – кажуць супрацоўнікі падраздзялення. – Выязджаем да дамашніх тыранаў, дастаўляем у аддзел. Дарэчы, многія ў зносінах з намі, іншымі праваахоўнікамі дазваляюць сабе лішняга, зарабляючы тым самым дадатковыя праблемы з законам. А нядаўна ўшачанка прыходзіла – скардзілася, што злодзеі па тэлефоне атакуюць: спачатку папрасілі дасланы код назваць, а затым – задэкларыраваць усе зберажэнні, каб праблем з законам не займела. Распаўсюджаная зараз злачынная схема! Добра, што грамадзянка вырашыла ў нас пракансультавацца – такім чынам не трапіла на ўлоўкі махляроў.

З пачатку бягучага года супрацоўнікі АДС даставілі ў аддзел звыш 50 правапарушальнікаў. Большасць з іх пераступілі мяжу закона ў стане алкагольнага ап’янення.
На сённяшні дзень у аператыўна-дзяжурнай службе Ушацкага РАУС працуе 10 чалавек (дарэчы, ёсць адна вакансія). Функцыі кіраўніка выконвае праваахоўнік з 25-гадовым стажам К.В.Аўсіевіч. Гэтак жа немалы вопыт – у інспектараў Дзяніса Міхайлавіча Пчолкі, Івана Сяргеевіча Клотчанкі,

Дзмітрыя Генадзьевіча Гаруновіча. Паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі іх памочнікі Андрэй Аляксандравіч Кузняцоў, Максім Аляксандравіч Міласердны, Аляксей Уладзіміравіч Мялешка, а таксама ўвесь вадзіцельскі штат.

Зрэшты, толькі прыёмам паведамленняў, рэагаваннем на іх абавязкі супрацоўнікаў АДС не абмяжоўваюцца: яны выдаюць калегам зброю і сродкі сувязі, кантралююць у аддзеле прапускны рэжым, праводзяць інструктажы, працуюць з затрыманымі, афармляюць дакументацыю…

– Як спраўляецеся са стрэсам, калі суткі знаходзіцеся ў напружанні? – пацікавіліся ў праваахоўнікаў.
– У кожнага свой “рэцэпт”, – падзяліліся яны. – Некаму дапамагае “змена карцінкі”: выехаў за горад – і стрэсу як ні бывала. Хтосьці любімай справай – паляваннем ці рыбалкай – займаецца. Ну і канечне ж, штотыднёвыя заняткі па фізпадрыхтоўцы практыкуем – гэта добры спосаб пазбавіцца ад негатыву і не страціць форму.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *