Хлебный магазин «Жыта жыцця» открылся в Ушачах на первом этаже здания КБО.

Общество

З даўніх часоў прыгатаванне хлеба лічылася жаночай прывілеяй, а ўмелыя ў гэтай справе гаспадыні карысталіся асаблівай павагай у вёсцы. Некалькі год таму ўшачанка Людміла Дунец зацікавілася гэтым спрадвечным беларускім рамяством і абсталявала дамашнюю пякарню.

Карысны хлеб, які ўшачанка гатуе з жытняй і пшанічнай мукі на спецыяльна вырашчанай заквасцы, палюбіўся многім, і яна пачала развіваць сваю справу на ўмовах самазанятасці – у дадатак да асноўнай работы ў сферы культуры. Прадукцыю рэалізоўвала на кірмашах і масавых святах, а таксама па прыватных заказах, але марыла адкрыць пастаянную гандлёвую кропку. І вось напярэдадні 8 Сакавіка Людміла зрабіла падарунак і сабе, і ўшацкім прыхільніцам здаровага харчавання: адчыніла краму “Жыта жыцця”, якая размясцілася на першым паверсе будынка КБА.

Урачыстае адкрыццё яна распачала радкамі ўласнага верша: “Прыходзьце, я вас пачастую здароўем, шчасцем і дабром!” Пакупнікоў у першы дзень сабралася нямала: людзі ахвотна дэгуставалі і набывалі розныя гатункі хлеба, цікавіліся і прадукцыяй сыраварні “Глыбінка” – Людміла запрасіла на прэзентацыю крамы і сваіх сяброў-фермераў з Глыбоцкага раёна, якія вырабляюць натуральныя сыры па народных рэцэптах.

Працаваць новая кропка будзе па чацвяргах, пятніцах і суботах, так што паспытаць хлеб з дамашняй пякарні змогуць усе жадаючыя.

“Сённяшні дзень стаў для мяне адным з самых радасных і хвалюючых, – падзялілася з намі Людміла. – Каб на прылаўку было ўдосталь свежых боханаў, працавала амаль усю ноч, але стому як рукой зняло, калі ўбачыла ўшачан, якія зацікавіліся крамай, прыйшлі раздзяліць са мной знакавы момант. Ведаю, што будзе нялёгка, але мы, жанчыны, слабым полам лічымся толькі намінальна: наша моц – у родных каранях, сямейных традыцыях, годных справах на карысць сваіх блізкіх і землякоў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *