Парковка «ёлочкой», остановка не для всех, или где в Ушачах припарковать авто?

Общество

– Часта даводзіцца бываць у райцэнтры – і практычна штораз узнікаюць праблемы з паркоўкай машыны. Насупраць аптэкі па вуліцы Савецкай пачалі штрафаваць. Ля рэдакцыі вадзіцелі то прывычнай “ёлачкай”, то ў адну лінію выстройваюцца (і хто з іх правы?). На стаянку ля “Аграпрамбанка” ў рыначныя дні не пад’ехаць: усё транспартам гандляроў занята. Многія цяпер пакідаюць машыны ля аўтастанцыі…

Для высвятлення пытання, з якім у рэдакцыю звярнуўся жыхар раёна, мы накіраваліся па ўказаных “кропках” і ў аддзяленне ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі.

Высадзіць можна, пачакаць – не

Насупраць цэнтральнай аптэкі спыняецца легкавушка. Вадзіцель, які прыехаў за лекамі, накіроўваецца ў бок пешаходнага пераходу, ды і назад гэтак жа правільна вяртаецца – дарогу не перабягае, як робяць многія. Хацелася нават пахваліць, але ж малады чалавек усё роўна трапіў у лік парушальнікаў – не прыкмеціў ці свядома праігнараваў устаноўлены тут дарожны знак 5.12.1, які ўказвае, што гэта прыпыначны пункт аўтобусаў.

– Згодна з пунктам 143.5 Правілаў дарожнага руху, прыпынак і стаянка ў такіх месцах, а таксама ў 15 метрах ад іх забаронены, – удакладняе начальнік аддзялення ДАІ М.Л.Гаўрылюк. – Адзінае выключэнне – калі спыніліся для пасадкі ці высадкі пасажыра і пры гэтым не стварылі перашкод для руху маршрутнага транспарту. Адразу ўдакладню: чакаць, пакуль чалавек збегае ў тую ж аптэку ці магазін (хоць на гэта патрабуецца ўсяго некалькі хвілін) ужо нельга.

У падказку – знакі і разметка

З другога боку перакрыжавання Ленінскай і Савецкай прыкмячаем дарожны знак 5.15, які дазваляе легкавушкам, матацыклам паркавацца. Пры гэтым размешчаная знізу таблічка 7.6.5 канкрэтна ўказвае, як гэта рабіць – пярэдняй часткай да бардзюра, ці, як кажуць, “ёлачкай” (гэтак жа, як на цэнтральнай плошчы Ушач). Для зручнасці аўтамабілістаў, калі ўстановіцца спрыяльнае для такіх работ надвор’е, тут будзе зроблена дарожная разметка.

– Ля аўтастанцыі пакідаць аўтамабілі гэтак жа не забараняецца, аднак з улікам важнай умовы, – дадае Мікалай Леанідавіч. – Згодна з пунктам 143.17 ПДР, яны не павінны перашкаджаць руху, рабоце транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння, дарожна-эксплуатацыйнай, камунальнай службаў. Напрыклад, калі з-за вас аўтобус не зможа развярнуцца, а масіўны транспарт ЖКГ – пад’ехаць да размешчаных непадалёк кантэйнераў для збору бытавых адходаў, будзеце прыцягнуты да адказнасці.

Варыянты ёсць!
У пачатку тыдня, калі рабілі абход па Ушачах, стаянка ля “Белаграпрамбанка” аказалася свабоднай – усе “шчаміліся” на супрацьлеглы бок па Савецкай. “Гэта, напэўна, тэрыторыя рынка, раз па чацвяргах і пятніцах вядзецца гандаль”, – выказаў меркаванне адзін з аўтаўладальнікаў. Дарэчы, ён быў не правы. Толькі ў прыгаданыя два дні (прычым, звычайна да абеду) сюды нельга заехаць – у астатні ж час можна смела паркавацца.

А вось рабіць гэта на месцах для інвалідаў, прадугледжаных на многіх ушацкіх стаянках, адназначна не трэба – гэтае пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі ДАІ. Найбольш часта такія парушэнні рэгіструюцца ля райбальніцы – вадзіцелі імкнуцца пакінуць аўто як мага бліжэй да ўваходу.

Праблемным месцам называюць праваахоўнікі і дваровую тэрыторыю па Ленінскай, 16. Многія паркуюцца пад пад’ездамі, насупраць пункта выдачы “Wildberries”… Мясцовыя жыхары нядаўна паскардзіліся, маўляў, з-за гэтага ні прайсці, ні праехаць. На зварот грамадзян, канечне, адрэагавалі – ужо рыхтуюцца да ўстаноўкі дарожныя знакі 3.27 “Прыпынак забаронены”.

– Ад павароту ля КБА і да таварыства паляўнічых і рыбаловаў нельга будзе спыняць рух нават для пасадкі/высадкі пасажыраў, – удакладняе М.Л.Гаўрылюк. – Стаянкі для аўтатранспарту прадугледжаны тут у двух месцах, так што праблем для аўтамабілістаў не бачу ніякіх. Нагадаю таксама, што ў жылых зонах забаронены транзіт. У прыгаданым выпадку можна толькі заехаць у двор і выехаць з яго, а не праязджаць між дамоў ад Ленінскай на Фрунзэ.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *