Па інфармацыі раённага аддзела ўнутраных спраў, у лютым на Ушаччыне было ўзбуджана дзве крымінальныя справы: па фактах крадзяжу і хуліганства.
У магазін – з чужой карткай
Праблемы з законам зарабіла сабе ўшачанка 1960 года нараджэння. Скарыстаўшыся няўважлівасцю п’янага таварыша, яна выцягнула ў яго банкаўскую карту і пад выглядам уласнай (напэўна, “засвяціцца” пабаялася) уручыла іншаму знаёмаму – папрасіла купіць выпіўкі ды прадуктаў. Той падвоху не адчуў і ў магазіне “Санта” затарыўся на 134 рублі. Вось толькі радавалася застоллю жанчына нядоўга: пацярпелы выявіў прапажу і звярнуўся ў міліцыю.
Чарговы крымінальны эпізод
Ажно чатыры судзімасці – па фактах крадзяжу, грабяжу, разбою – меў у сваёй біяграфіі беспрацоўны жыхар Строктаў 1978 года нараджэння. Але ж гэта не прымусіла яго ўрэшце ўзяць сябе ў рукі – пахуліганіў нядаўна ў двары аднавяскоўца.
Па інфармацыі Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта, у доме мужчыны нярэдка збіраліся госці: прыязджаў брат, заходзіла суседка. Пасля адной іх сустрэчы жанчына трапіла ў бальніцу – і дарослыя дзеці забралі яе да сябе ў райцэнтр.
Пасля чарговага застолля браты засумавалі па сяброўцы. Вось толькі разбірацца адзін з іх пайшоў чамусьці да яе былога мужа. На стук ніхто не адрэагаваў – злосць авалодала вяскоўцам. Разбіў аконнае шкло, а потым і шыны прыпаркаванага ў двары аўтамабіля парэзаў. Матэрыяльны ўрон, які панёс пацярпелы, ацэнены ў больш чым 300 рублёў.
У адносінах хулігана ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.339 КК Рэспублікі Беларусь, санкцыя якой прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

