Выставку фарфоровых кукол — героинь знаменитых произведений организовали в районной библиотеке

Культура

“Дамы эпохі”. Для большасці з нас гэта звычайнае словазлучэнне, але ёсць людзі, якія, пачуўшы яго, прыдуць у прыемнае хваляванне.

Гэта – збіральнікі аднайменнай калекцыі лялек. Ідэю ўвасабляць у фарфоры гераінь знакамітых літаратурных твораў у камплекце з прысвечаным ім часопісам 15 год таму прыдумала міжнароднае выдавецтва “ДэАгасціні”, якое спецыялізуецца на вырабе разнастайных калекцыйных серый.

Хоць большасць гераінь шэдэўраў сусветнай класікі – асобы выдуманыя, эмоцыі яны выклікаюць у нас самыя сапраўдныя. Хто, скажыце, не пусціў слязу ў фінале “Сабора Парыжскай Багамацеры” ці “Ганны Карэнінай”? Хто не спачуваў шчырым пачуццям Таццяны Ларынай і булгакаўскай Маргарыты?.. І калі гэтыя персанажы перасяляюцца з кніжных старонак і кінакадраў на паліцу ў вашым пакоі, яны нібыта напаўняюць дом атмасферай любімых твораў.

Ёсць уладальнікі прыгаданай калекцыі і сярод ушачан. А ўбачыць на свае вочы тое, пра што расказана вышэй, можна, зазірнуўшы ў раённую бібліятэку. Персанажы літаратурнай класікі абжылі тут цэлы стэлаж, утварыўшы выставу “Кніжнае дэфіле”, аформленую да Свята жанчын. Гэтыя лялькі – з прыватнай калекцыі адной з супрацоўніц установы. Адмысловыя ўборы і аксесуары, розныя дэталі – кожную хочацца ўважліва разглядзець і… адзначыць, як шыкоўна раней апраналіся дамы. А галоўнае – узнікае жаданне ўзяць на бібліятэчных паліцах кнігі, якія рэкламуюць іх прывабныя гераіні.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *