
Філіял “Полацкводаканал” стаў лаўрэатам міжнароднай бізнэс-прэміі “Лідар года-2025”. Гэтая прэстыжная ўзнагарода ўручаецца не проста за станоўчыя вынікі работы, а прарыўныя праекты, укараненне новых тэхналогій. Усе структурныя падраздзяленні “Віцебскаблводаканала” на працягу апошніх гадоў вырашалі праблему ачысткі вады ўласным вынаходніцтвам – будаўніцтвам міні-станцый абезжалезвання непасрэдна на свідравінах. Іх вопыт разышоўся па рэспубліцы, а практычна ўсе спажыўцы чатырох раёнаў, што абслугоўвае “Полацкводаканал”, ужо карыстаюцца чыстай вадой. Прычым, узводзіліся міні-станцыі за ўласныя сродкі філіяла, а ў нашым раёне толькі дзве першыя – у вёсках Слабада і Лутава Сяльцо – пры куратарстве полацкіх спецыялістаў, усе астатнія – выключна сіламі Ушацкага ўчастка.
“Скажыце па шчырасці, дадатковыя фільтры выкарыстоўваеце?”, – пытаемся ў начальніка ўчастка Р.В.Селезня. Руслан Васільевіч прыводзіць пераканаўчы аргумент: “Нават дзецям даём з-пад крана. Хаця ведаю, што многія ўстанаўліваюць. Ды і пытанні наконт якасці, часта суб’ектыўныя, зрэдку паступаюць. Таму перш чым прыступаць да прачысткі сістэмы ці шукаць іншыя прычыны, канечне, робім лабараторны аналіз. Сёння, напрыклад, паехалі за пробамі ў Вялікія Дольцы. Заўсёды папярэджваем кліентаў і пра часова дрэнную якасць пасля рамонтных работ”.
Дарэчы, перад нашай размовай толькі з адзінага нумара 115 ва Ушацкі ўчастак водаканала паступіла чатыры заяўкі. І літаральна ўсе былі “закрыты” ў той жа дзень. Аператыўнасць і якасць – неаспрэчны дэвіз службы. Адрасы абанентаў перадаюцца брыгадам, якія бліжэй працуюць на раёне. Аднак будуць разбірацца, нават калі паломка не па шляху планавых работ. Парыў па П.Броўкі ў гарпасёлку, напрыклад, адбыўся ў той жа дзень пасля заканчэння працоўнай змены, а аднавілі падачу толькі каля апоўначы.
Старыя металічныя трубы мяняюцца на пластык паступова, а ўчасткі, што патрабуюць абнаўлення, часцей за ўсё і падказваюць аварыйныя выклікі. Так, сёлета ў графік трапіла частка вуліцы Фрунзэ, на якой паўтара сутак ліквідоўвалі парыў у 30-градусны мароз. Водаправод там пралягае на 6-метровай глыбіні, і каб пазбегнуць непрыемных паўтораў, мантаж выканаюць у цёплы час.
Таксама планава ажыццяўлялася будаўніцтва міні-станцый абезжалезвання. Як прыгадвалася вышэй, гэта наватарства “Віцебскаблводаканала”. Калі вялікія станцыі будаваліся за бюджэтныя сродкі па рэспубліканскай праграме “Чыстая вада” і служаць выключна ў буйных населеных пунктах, то маленькім яшчэ доўга давялося б чакаць сваёй чаргі. Аднак толькі летась на Ушаччыне падземныя фільтры запрацавалі ў 12 вёсках. Як і тры гады таму, будаўніцтва і мантаж уласнымі сіламі выконвалі спецыялісты Ушацкага ўчастка. Прычым, спраўляліся з работамі вельмі аператыўна. Тыдзень-паўтара праводзіла брыгада на аб’екце, дзе “галоўнымі скрыпкамі” былі экскаватаршчыкі Генадзь Вацлававіч Чарняўскас і Аляксандр Віктаравіч Селезень.
Апісаць умовы работы ўчастка, у якім на сёння працуе 21 чалавек, газетным радкамі немагчыма. Як перадаць напружанне пошуку парванай падземнай “жылы”, ці яе шматгадзінны рамонт пад адкрытым небам! І хоць лідарства першай неабходнай прафесіі ўтрымліваюць медыкі, тым не менш службай нумар адзін хочацца назваць і водаканал – і сказаць яго спецыялістам шчыры і вялікі дзякуй. Без вашых паслуг жыццё замірае.
Вольга Караленка.
