С рабочей поездкой в Ушачском районе побывал министр труда и социальной защиты Андрей Лобович

Общество

 

З рабочым візітам Ушаччыну наведаў міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь А.В.Лабовіч. На гэтай пасадзе Андрэй Валянцінавіч адносна нядаўна, таму на свае вочы пабачыць, як на ўзроўні невялікага раёна выглядае даручаная яму сфера, было адначасова пазнавальна і карысна.

Ля тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, што ў Градзянцы, міністра, а таксама старшыню камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Б.С.Яфрэмава сустракалі не толькі старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч, кіраўнікі сацслужбаў Ушаччыны. У прыгожую калону выстраіліся 10 абаяльных веласіпедыстак – дэманстравалі нядаўнія абноўкі. Патрэбны сацыяльным работнікам транспарт у агучанай колькасці быў набыты за бюджэтныя сродкі, яшчэ 40 адзінак плануецца закупіць у другім квартале. Так што дабірацца да падапечных, пераадольваючы немалы кіламетраж, будзе значна прасцей. Дарэчы, хутка з’явяцца ў ТЦСАН і электравеласіпеды – спонсарскую дапамогу выклікаўся аказаць ААТ “Белаграпрамбанк”.

“У ідэале б хацелася яшчэ аўтапарк абнавіць, – зазначыла дырэктар цэнтра Кацярына Васільеўна Коршун. – Усяго адзін мікрааўтобус дазволіў бы закрыць многія нашы праблемы: па дастаўцы маламабільных людзей на заняткі ў Градзянец, спартыўны комплекс, па арганізацыі ў аддзяленнях больш насычанай экскурсійнай дзейнасці”. Барыс Сяргеевіч паабяцаў падключыцца і ў бліжэйшы час разгледзець магчымыя варыянты пошуку спонсараў.

“Не перастаю здзіўляцца прафесіяналізму работнікаў сацыяльнай сферы ў рэгіёнах! – падкрэсліў А.В.Лабовіч. – Сапраўдныя ўніверсалы, якія паспяваюць спраўляцца з самымі рознымі абавязкамі”. У ліку такіх, уручаючы кветкі ў знак павагі, Андрэй Валянцінавіч назваў сацработніка Алену Віктараўну Вашчанка, якая стала лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2025”. Ды і невялікая экскурсія па ТЦСАН даказала праўдзівасць яго слоў: у кожным кабінеце, кожнай зале кіпела жыццё. Наведвальнікі займаліся спортам і шылі пасцельную бялізну, гатавалі духмяныя пернікі і плялі журавоў з саломкі… Зразумела, усё – пад куратарствам вопытных спецыялістаў, якія пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень. Прычым, не толькі з акцэнтам на сацыяльнае – часта яшчэ медыцыну падключаюць: асвойваюць праграмы рэабілітацыі пажылых, інвалідаў.

“Тэрытарыяльны цэнтр для нас – сапраўдны дом, у якім збіраюцца блізкія людзі. Заўсёды з нецярпеннем чакаем кожнага новага мерапрыемства”, – не хавалі эмоцый наведвальнікі і нават верш уласнага сачынення міністру прэзентавалі. А.В.Лабовіч гэтак жа высока ацаніў работу сацслужбаў Ушаччыны, а асобныя праблемныя моманты ўзяў на карандаш.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: у аддзяленні для пажылых грамадзян; работнік ТЦСАН Святлана Папко расказвае Андрэю Лабовічу пра работу гурткоў; сацработнікі з новымі веласіпедамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *