– Чула, што з наступленнем цяпла актывізаваліся кляшчы – у многіх раёнах ужо ёсць выпадкі ўкусаў. Ці можна ва Ушачах правакцынавацца ад інфекцыйных захворванняў, пераносчыкамі якіх з’яўляюцца гэтыя крывасмокі?
На пытанне нашай чытачкі адказвае старшая медыцынская сястра паліклінікі Ушацкай ЦРБ Вікторыя Пятроўна КАЛЬЧЭЎСКАЯ:
– Атрымаць прышчэпку можна толькі ад клешчавага энцэфаліту (прапарата ад хваробы Лайма ў свеце не існуе). Праводзяць прафілактычную імунізацыю ў два этапы – звычайна з інтэрвалам у адзін месяц. Для падтрымкі імунітэту праз год патрэбна рэвакцынацыя.
Ёсць таксама схема экстраннай імунізацыі, калі інтэрвал скарачаюць. Варыянт падыдзе тым, хто сабраўся на адпачынак і ўпэўнены: там дакладна будуць кляшчы. Але ёсць важны нюанс: на працягу двух тыдняў пасля ўвядзення другой дозы чалавек павінен максімальна абмежаваць кантакт з ачагом інфекцыі.
На платнай аснове прышчапіцца можа любы жадаючы. Са сваімі пытаннямі варта звярнуцца ў дзённы стацыянар паліклінікі ці да педыятра. На сённяшні дзень у наяўнасці ёсць прэпараты “Клешч-Э-Бак” для дзяцей ад 1 да 16 гадоў (кошт адной дозы – 32 руб. 34 кап.) і “ЭнцэВір” для дарослых (27,02 руб.), пры патрэбе закажам вакцыну яшчэ.
Беларусь насяляюць 12 відаў кляшчоў, найбольш небяспечныя – іксодавыя. Яны могуць быць пераносчыкамі 9 узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў. Аднак часцей рэгіструюцца хвароба Лайма (каля дзвюх тысяч выпадкаў за год) і клешчавы энцэфаліт (больш за 200).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

