«Арендную квартиру мы считаем постоянной»: в арендный дом в Ушачах уже заселяются новосёлы

Общество

Марыя і Станіслаў Капусцёнак – з тых шчасліўчыкаў, што адны з першых абжываюць арэнднае жыллё. Ордэр на новую кватэру маладая сям’я атрымала ў канцы лютага, 14 сакавіка засялілася, а праз тыдзень, у мінулую суботу, справіла сціплае наваселле.

Бацькі Марыі прыехалі дапамагчы дачцэ, разам з маці яны вешалі гардзіны – па гэтай прыкмеце мы і заўважылі навасёлаў яшчэ толькі часткова заселенага дома і напрасіліся ў госці. На падлозе пакладзены светлы ламінат, на сценах паклеены белыя шпалеры, па пакоях бегалі сонечныя прамяні – кватэра свяцілася, як і яе жыльцы. На пытанне “Ці падабаецца аддзелка?” Марыя і Станіслаў ледзь не хорам адказалі: “Нам усё падабаецца, мы па-сапраўднаму шчаслівыя. Баяліся, што выдзеляць аднапакаёвую, ну а атрымаць “трошку” не разлічвалі, таму калі прапанавалі, канечне, пагадзіліся. Будуць жа дзеці, а перасяляцца з Ушач мы нікуды не збіраемся. Нас усё задавальняе, так што арэнднае жыллё лічым пастаянным”.

Марыя і Станіслаў – немясцовыя. Хлопец – з Бягосава Верхнядзвінскага раёна, вучыўся на электрыка ў Ветрыне, дзе і сустрэў спадарожніцу жыцця, услед за якой прыехаў ва Ушачы і ўладкаваўся ў раён электрычных сетак. Маша пасля заканчэння ў 2021 годзе педагагічнага каледжа атрымала размеркаванне ў сістэму адукацыі – на сённяшні час, пасля заканчэння профільнай ВНУ, яна ўжо працуе намеснікам загадчыка дзіцячага сада №3 гарпасёлка. Менавіта яе арганізацыя і хадайнічала аб выдзяленні Марыі “квадратаў”.

Сярод такіх жа адзінаццаці іншагародніх спецыялістаў, якія прыбылі ў свой час на запатрабаваныя ў раёне вакансіі – фармацэўт, інструктар па занятках спортам, лесавод, санітарны ўрач, экскурсавод… Некаторыя з іх яшчэ захоўваюць статус маладых спецыялістаў.

Арэнднае жыллё прама пасуецца з палітыкай дзяржавы ў развіцці рэгіёнаў, узводзіцца для таго, каб замацоўваць кадры.

Летась у Беларусі было пабудавана 445,6 тысячы квадратных метраў арэнднага жылля. Арыенціры на бягучы год яшчэ больш значныя – каля 650 тысяч. Усяго ж у дзяржпраграме “Будаўніцтва жылля” на 2026-2030 гады запланаваны ўвод 5 мільёнаў квадратных метраў.

З мэтай замацавання кадраў летась быў падпісаны ўказ, які гарантуе пэўную колькасць кватэр для прадстаўнікоў асабліва запатрабаваных прафесій. У новым доме іх прадаставілі таксама адзінаццаці спецыялістам, сярод якіх цэлая кагорта прадстаўнікоў “Сафійскіх дароў”.

Па суседстве будуць жыць механізатары Ілья Шалонька, Андрэй Яфрэмаў, Міхаіл Куцэнка, брыгадзір комплексу “Маяк” Андрэй Літвін, ветфельчар Анжаліка Рамашка і загадчык комплексу “Завячэлле” Наталля Новікава. На Ушаччыне не хапае медыкаў – і тры кватэры выдзелены па хадайніцтве ЦРБ. Адна з іх – маладому ўрачу Анастасіі Вярцёлка, якой, дарэчы, нядаўна праз газету прасілі падзякаваць за правільна пастаўлены дыягназ і фактычна выратаванае жыццё.

Па адной кватэры размеркавалі на сілавы блок – супрацоўнікі РАУС, РАНС, Дэпартамента аховы і Следчага камітэта, за сродкі якога ў новым доме пабудавана яшчэ адно “профільнае” жыллё. Тры кватэры ўзводзіліся як сацыяльныя – іх атрымалі маладыя людзі, што засталіся без апекі бацькоў. А яшчэ дзесяць размяркоўваліся сярод тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і падаў заяву на кватэру са спісу, што друкаваўся ў “Патрыёце”. Тут усё вырашала чарговасць – і самы “сталы” кватэранаймальнік у чарзе з 1998 года, а самы малады – з 2019-га. Па розных прычынах людзі не змаглі пабудаваць уласнае жыллё, не падпадаюць пад катэгорыі льготнікаў і таму яшчэ больш шчаслівая за магчымасць атрымаць арэнднае, якое ў перспектыве можа стаць сваім. Магчымасць выкупіць яго маюць работнікі, якія адпрацавалі на прадпрыемстве, што хадайнічала, дзесяць год. Ну а плата за карыстанне ім зусім невялікая. Марыя Капусцёнак за частку лютага заплаціла ўсяго 11 рублёў, разлічвае, што за поўны месяц будзе каля 50-ці. Гэта значна менш, чым за здымную кватэру. І няхай у пакоях пакуль толькі мяккі куток, тэлевізар ды кухонны гарнітур, няхай не да канца зроблена добраўпарадкаванне вакол дома і пакуль не запушчаны ліфт, на пяты паверх яны ўзнімаюцца хутка і радасна, а кватэру мяняць не збіраюцца.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *