У мінулыя выхадныя ў Мінску ўпершыню прайшла выстава “Драйв Экспа”, якая стала яркай падзеяй для тых, хто не ўяўляе жыцця без хуткасці і адрэналіну. Мэтай праекта стала папулярызацыя тэхнічных і экстрэмальных відаў спорту, унутранага турызму, актыўнага адпачынку, таму прадставіў тут свой стэнд і фестываль “Экстрым Прарыў”.
“Мы пастараліся эфектна прэзентаваць наш фэст, – расказвае намеснік начальніка сектара спорту райвыканкама Вадзім Рубанік. – Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі матацыклы для эндура і мотаджымханы, ралійныя аўтамабілі, гоначную лодку. Некаторыя прызнаваліся, што ўжо пабывалі на “Экстрым Прарыве”, але многія нічога не чулі пра яго, а таму актыўна цікавіліся праграмай і ўмовамі размяшчэння. Асобныя сем’і і кампаніі якраз складалі планы летняга адпачынку і непасрэдна на выставе набылі білеты на ўшацкі фестываль”.
А самым удачлівым наведвальнікам квіткі дасталіся ў якасці падарунка за поспехі ў інтэрактыўнай гульні. На кожнай “станцыі” трэба было выканаць пэўнае заданне (на ўшацкай – скласці на ноўтбуке пазл з рэкламай “Экстрым Прарыву”), а потым сярод удзельнікаў правялі розыгрыш прызоў.
Вядома ж, падчас мерапрыемства наладжваліся і карысныя сувязі. Ушачане, напрыклад, дамовіліся з арганізатарамі “Лідскага байк-фэсту” пра сумеснае развіццё двух фестываляў.
“Выстава аказалася вельмі разнастайнай і пазнавальнай, – падзялілася ўражаннямі начальнік аддзела спартыўна-масавай работы Ушацкай СДЮШАР Таццяна Клімашэўская. – Парады ад спецыялістаў індустрыі, майстар-класы ад вядомых гоншчыкаў… Дарэчы, на нашу пляцоўку зазірнулі зорныя госці – сям’я Сяргея і Марыі Вязовічаў з трыма дзецьмі, якія таксама захапляюцца аўтаспортам. На стэндзе ДАІ, напрыклад, можна было праверыць сябе на веданне правілаў дарожнага руху, а на аўтасімулятары Цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі, якім кіруе наш добры знаёмы – арганізатар спаборніцтваў па ралі-спрынце Сяргей Аўчыннікаў, – вызначыць хуткасць сваёй рэакцыі і ўзровень навыкаў ваджэння.
Асабіста мяне ўразілі ўдзельніцы мінскага жаночага мотаклуба, а яшчэ – народны ўмелец, які канструіруе гоначную тэхніку з рознага падручнага матэрыялу: з захапленнем пракацілася на міні-байку, вырабленага… з каністраў!”
Галоўным жа плёнам удзелу нашых землякоў у гэтай падзеі стаў той факт, што пра Ушачы цяпер ведае яшчэ большая колькасць аматараў драйву і падарожжаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

