Моладзі трэба давяраць! А тым больш калі на старце сваёй кар’еры маладыя работнікі ўжо паспелі сябе годна праявіць.
З такім меркаваннем цалкам згодна кіраўніцтва УП “Сафійскія дары” – і калі паўстала пытанне, каму даручыць новенькі энерганасычаны “Беларус-3522”, дырэктар гаспадаркі Гурамі Буркенадзэ спыніў свой выбар на Ільі Шалонька (на здымку) – самым маладым механізатары прадпрыемства, занятым на палявых работах.
Зрэшты, хоць хлопцу ўсяго 28, стаж у аграрнай галіне ў яго немалы: у архіве “Патрыёта” можна знайсці здымак з пасяўной 2017-га года, дзе Ілья зусім юным шчыруе на падвозцы зерня ў “Дземенцы”. У цяперашнім калектыве яго цэняць не толькі за кемлівасць і стараннасць, а і за лёгкі характар: якімі б напружанымі ні былі аграрныя будні, ён ніколі не губляе добрага настрою і зараджае пазітывам усіх, хто побач.
Два новыя трактары сафійцы прыгналі з МТЗ у панядзелак. Адзін дзень спатрэбіўся на падрыхтоўку “Беларуса” да выхаду ў поле, а ў сераду Ілья зачапіў за яго культыватар і вывеў тэхніку на палеткі ля вёскі Астравенец. Мадэль, у якой устаноўлены кітайскі рухавік “Weichai”, яшчэ зусім нядаўна дэманстравалася на выставах, а пасля паспяховых выпрабаванняў у сельгасцэху МТЗ яе запусцілі ў серыйную вытворчасць.
“Лічу, што кожны з маіх калег быў дастойны атрымаць новую тэхніку – і канечне, пастараюся апраўдаць такі высокі давер! – зазначае малады механізатар. – Усе нюансы новага трактара я яшчэ дасканала не вывучыў, але падабаецца і знешні дызайн, і ўтульная кабіна – з камп’ютарам для выкарыстання тэхналогіі дакладнага земляробства. Асабліва важна, што магутнасць трактара дазваляе спалучаць яго з шыроказахопнымі прычапнымі агрэгатамі, а значыць, працаваць больш прадукцыйна”.
На ўчарашнюю раніцу ў раёне яравымі зерневымі і зернебабовымі было засеяна каля 800 гектараў плошчаў, што складае прыкладна 17 працэнтаў да задання. У “Сафійскіх дарах”, дзе прыгаданымі культурамі плануюць заняць 1550 га, іх пасеялі на 300 (19 працэнтаў).
У гэты дзень на былых дземянецкіх землях шчыравала цэлае звяно руплівых хлопцаў – Артур Ігнатовіч апрацоўваў палеткі дыскатарам, Валерый Башун – чызельным культыватарам. Абодва ведаюць тут кожны ўчастак, бо раней працавалі ў мясцовай гаспадарцы. А на працэсе ўзворвання заняты яшчэ адзін былы работнік “Дземенца” – старажыл аграрнай справы Мікалай Яловік. Дарэчы, менавіта яму ўручылі ключы ад другога новенькага “Беларуса” – у знак прызнання заслуг і таго, як цэняць добрасумленнага хлебароба ў новай гаспадарцы. Аб’ём работы немалы, таму з плугамі шчыруе і ўмелы механізатар Міхаіл Куцэнка.
Ну а мы там часам пераехалі на суседняе поле, дзе ўладарыў штатны сейбіт Міхаіл Ражноўскі. Яму даручылі сёлета пасяўны комплекс “Horsch”, які на працягу апошніх сезонаў застаецца галоўнай баявой адзінкай на гэтым працэсе. А вось механізатар Леанід Бондал, які падвозіў на поле насенне пшаніцы, у “Сафійскіх дарах” працуе не так даўно. Жыхару Мосара даводзіцца дабірацца да райцэнтра і, адпаведна, пачынаць дзень вельмі рана, аднак у сельскай гаспадарцы ён далёка не навічок, таму да падобных выпрабаванняў, канечне, звыклы.
Як і прыгаданы вышэй Ілья Шалонька, які ў гарачы перыяд пасяўной наўрад ці зможа знайсці час, каб засяліцца ў арэндную кватэру, што атрымаў па хадайніцтве сельгаспрадпрыемства. “Нічога, паціху пераедзем. Мы там лічы што цэлай брыгадай па-суседстве жыць будзем!”, – не хаваў узнёслых эмоцый малады аграрый. А яшчэ шчыра прызнаўся, што свядома выбраў працу на зямлі, бо лічыць яе самай патрэбнай і высакароднай. “Нехта падумае, што гэта прыгожыя словы, але калі я выязджаю ў поле – на душы светла нават у непагадзь… А тым больш у такі сонечны дзень як сёння!” – усміхнуўся нам на развітанне хлопец. Напэўна, нездарма наша з ім сустрэча адбылася ў першы дзень красавіка, які ва ўсіх асацыіруецца з добрым настроем. У напружаны час сяўбы ён дакладна лішнім не будзе!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

