Фестываль “Экстрым Прарыў”, які пройдзе сёлета ў шосты раз, стаў адной з візітовак нашага раёна і кожны год яго арганізатары імкнуцца надаць спартыўнаму форуму новыя фарбы, яшчэ вышэй узняць планку. Гэтая мэта стаіць і сёлета. Чым здзівіць гасцей маючы адбыцца фэст? Абмеркавалі гэта з загадчыкам сектара спорту Ушацкага райвыканкама Сяргеем ЦІХАНЁНКАМ.
– Давайце пачнем з пытання, якое, бадай, найбольш хвалюе ўшачан. У сакавіку распачаўся продаж білетаў, і некаторым іх кошт паказаўся вялікім. Чым абумоўлена падаражэнне квіткоў?
– Любую тэму лепш разглядаць у параўнанні. Таму прапаную ацаніць, колькі каштуюць білеты на іншыя фестывалі, што ладзяцца ў вобласці. “Viva Браслаў” – 200-300 рублёў (канечне, ён больш раскручаны, аднак арыентаваны толькі на тых, хто любіць канцэрты); “Пойма” (віцебскі фэст для аматараў электроннай музыкі) – каля 150 рублёў; “Шлях Цмока”, што праводзяць суседзі-лепяльчане, абыдзецца гледачам у 150-180. У параўнанні з гэтымі лічбамі нашы 60 за дарослы і 40 за дзіцячы (нагадаю, што па такім зніжаным кошце можна набыць білеты ў касе спарткомплексу і на рэсурсе “bezkassira” да канца красавіка) выглядаюць даволі сціпла. Да таго ж “Экстрым Прарыў”, на мой погляд, прапануе больш універсальную праграму, якая парадуе і аматараў захапляльных відовішчаў, і меламанаў.
– Штораз наш фестываль праходзіць з усё большым размахам. За чый кошт ён праводзіцца?
– Хачу падкрэсліць, што “Экстрым Прарыў” не мае бюджэтнай падтрымкі і ладзіцца за сродкі, якія зарабляе “Юнацтва-Ушачы” і вылучаюць спонсары. Прыцягнуць апошніх дазваляе высокі ўзровень мерапрыемства. І прыемна паведаміць, што сёлета ў нас з’явіліся новыя партнёры – “Белбэт” і Прэзідэнцкі спартыўны клуб, галоўная мэта дзейнасці якога – развіццё масавага спорту і прапаганда здаровага ладу жыцця ў тым ліку ў невялікіх населеных пунктах. І супрацоўніцтва, якое мы зараз наладжваем, прынясе плён ушачанам: ёсць дамоўленасць, што пры садзейнічанні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба з’явіцца спортпляцоўка на дваровай тэрыторыі ў мікрараёне вуліцы Віцебскай гарпасёлка (гэта будзе трэнажорны комплекс і месца для гульні ў баскетбол). Карыстаючыся момантам, хачу шчыра падзякаваць і нашым пастаянным спонсарам – ААТ “Белаграпрамбанк”, кампаніям “Вектар А” і “Мірамет”, Ушацкаму лясгасу.
– А ці будзе сёлета магчымасць паглядзець штосьці з праграмы бясплатна?
– Канечне! На цэнтральнай плошчы пройдуць спаборніцтвы па картынгу і мотаджымхане, на Вечаллі – па воднаматорным спорце, на тэрыторыі былога льнозавода – трофі-рэйды, на дарогах раёна – ралі-спрынт. Апроч таго, будзе некалькі відовішчных шоу-праграм, частку якіх мяркуем арганізаваць на плошчы.
Пры падрыхтоўцы да фестывалю арганізатары ўлічвалі вынікі апытання, праведзенага на леташнім форуме. У прыватнасці, каля 80 працэнтаў гасцей, якія запоўнілі анкеты, зазначылі, што даведаліся пра “Экстрым Прарыў” з пастоў у сацыяльных сетках. Другім па папулярнасці стаў варыянт “расказалі знаёмыя”, а вось эфектыўнасць вонкавай і радыёрэкламы аказалася не надта вялікай. Адпаведна, сёлета акцэнт зроблены менавіта на інфармацыю ў інтэрнэце, аднак не адмовіліся і ад рэкламных банераў.
– А што яшчэ цікавага і новага будзе на фестывалі?
– Уключылі ў праграму спаборніцтвы па любімым многімі ўшачанамі арм-рэстлінгу – арганізаваць іх дапаможа расійскі спартклуб “Арматура”. Больш відовішчнымі і масавымі стануць заезды на возеры, значна пашырыцца колькасць удзельнікаў трофі-рэйдаў, упершыню ў Беларусі арганізуем сумесны праезд па імправізаванай трасе спартыўных МАЗаў і Уралаў. А яшчэ далучымся да праекту “Фестывалі-пабрацімы” – дамовіліся з прыгаданым вышэй фэстам “Пойма”, які арганізуе ў нас сваю пляцоўку.
– Дарэчы, пад якія хіты будзем сёлета адрывацца?
– У самы бліжэйшы час аб’явім хэдлайнера – спадзяёмся што гэта будзе адна з вельмі папулярных груп, білеты на сольны канцэрт якой, дарэчы, абышліся б вам даражэй, чым на ўвесь наш двухдзённы фэст. Прыедуць і яркія кавер-бэнды, дзіджэі – музыкі будзе вельмі шмат, як і смачнай ежы, забаў для дзяцей і дарослых.
– Ці набіраеце валанцёраў?
– Так! Прычым, гэта выдатная магчымасць бясплатна трапіць на фестываль і паглядзець на яго “знутры”. Калі вам споўнілася 16, рэгіструйцеся на нашым сайце proextreme.by (там, дарэчы, можна пазнаёміцца і з праграмай). У абавязках – дапамагаць гасцям арыентавацца на пляцоўках фэсту, спрыяць яго бяспечнаму правядзенню, у ліку бонусаў – аднаразовае харчаванне, фірменная майка ў падарунак. Плануем набраць 50 валанцёраў, заяўку трэба падаць да канца красавіка.
– Дзякуй за размову. Спадзяёмся, што нашы чытачы ўжо ведаюць, дзе правядуць 19-20 чэрвеня!
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.

