Велікодную прадукцыю можна набыць у многіх магазінах Ушач, ды і аўтакрамы на працягу тыдня дастаўляюць на раён кулічы і кексы. Больш чым па тысячы штук штодня гатаваў іх кандытарскі цэх Ушацкага ўчастка Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўтаварыства (так называецца цяпер хлебазавод) і размяркоўваў згодна з заяўкамі. Напярэдадні мы завіталі туды і паназіралі за працэсам.
Ён не спыняўся ні на хвіліну. У чанах падыходзіла цеста, замес з разынкамі ляжаў на фасовачнай лініі, у спецыяльнай печы падымаліся ў прыгожай упакоўцы “Красавіцкія” кексы. Можна было падумаць, што каляровыя формы пустыя. Але праз некалькі мінут, апынуўшыся ў “шафе-жароўні”, яны ўжо падымалі румяныя шапкі. А “Арэшак”, наадварот, астываў, каб кандытары Алена Бутоўская і Кацярына Праннік (на здымку) змаглі нанесці святочны “макіяж” – памадку, пудру, драблёны арахіс.
“Рыхтуем тры віды кексаў – з цукатамі, разынкамі і арэхамі, у “Мару” далучаецца малочная сумесь, што робіць асаблівым смак. Паспытаць раю ўсе, тым больш што важаць яны нямнога – па 300 і 400 грамаў, – рэкламуе прадукцыю лабарант цэха Вольга Гаманёк. – На каталіцкае свята выпеклі толькі каля 200 штук, а да праваслаўнага Вялікадня павялічылі амаль да 5 тысяч. Іх заказвалі літаральна ўсе вясковыя магазіны раёна, накіроўвалі і ў іншыя крамы спажыўкааперацыі”.
Напрыклад, тысяча ўшацкіх кексаў прадавалася ў кропках “Полацкага рынку”, аўтамагазінамі дастаўлялася па вёсках Глыбоцкага раёна. У гарпасёлку святочную прадукцыю хлебазавода можна набыць у “Мясной лаўцы”, “Вікторыі”, “На Калінінскай”, “Усходнім”, “Залатым коласе”. А ўчора быў арганізаваны выязны гандаль на рынку: кексы ў асартыменце прадаваліся разам з 300-грамовымі кулічамі кулінарнага цэха аддзела грамадскага харчавання Докшыцкага філіяла, які таксама па заяўках дастаўляў прысмакі па ўсім раёне.
Вольга Караленка.

