
У Беларусі шмат мясцін, слава аб гаючай вадзе якіх перадаецца з пакалення ў пакаленне. Адна са славутых ушацкіх крыніц знаходзіцца ў вёсцы Сарочына. У народзе яе называлі “дзявочым калодзежам”, таму што святая вада асабліва дапамагала будучым мамам і палягчала роды. Летась падчас раённых суботнікаў прыступілі да яе адраджэння – расчысцілі падыход да ключа, побач з якім з’явіцца капліца-купель.
Працягваецца і збор сродкаў. Каля 10 тысяч ужо ахвяравалі ўшачане, а 5 тысяч перадала раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь” – гэта грант за перамогу ў конкурсе “Крыніцы малой радзімы” на лепшую даследчую краязнаўчую работу (над ёй працавалі настаўнікі і вучні Арэхаўскай школы) і дызайн-праект добраўпарадкавання тэрыторый вакол водных аб’ектаў.

Распачаліся і будаўнічыя работы. Лясгас ацыліндраваў неабходную колькасць бярвёнаў, а браты Дзмітрый і Вадзім Зеленікі ўжо некалькі тыдняў “звязваюць іх у замкі” згодна з існуючым праектам. Ручная работа ў гэтым выпадку незаменная – усе вуглавыя чашы несіметрычныя – кожная выбіраецца пілой па папярэдніх замерах. Хоць і не з’яўляюцца сталяры актыўнымі вернікамі – храм наведваюць па вялікіх святах, аднак узвядзенне святыні лічаць справай боскай і выконваюць яе на сумленне і па расцэнках, далёкіх ад рыначных.
На гэтым жа тыдні з удзелам старшыні райвыканкама С.С.Шамовіча адбыўся малебен на пачатак справы і асвячэнне зруба.
– Раённая ўлада, якая і ініцыіравала будоўлю гэтага аб’екта, канечне, будзе і надалей дапамагаць яго ўзводзіць. Аднак паколькі робіцца гэта выключна за ахвяраванні, усім мірам, як, дарэчы, і было ва ўсе часы, то толькі ад нас з вамі залежыць, наколькі прыгожым стане гэтае месца і як хутка ўвасобіцца ў жыццё праект”, – падкрэсліў Сяргей Сцяпанавіч.
Мяркуецца не проста зрабіць зручны спуск да крыніцы, а паставіць на шляху лавачкі, альтанкі, разбіць кветнікі, абсталяваць аўтастаянку і правесці асвятленне. Вымалёўваецца ўжо і аблічча купелі з асобнымі ўваходамі для акунання жанчын, мужчын, а таксама капліцай, дзе можна будзе паставіць свечкі, памаліцца, правесці чын хрышчэння.
“У гэтым наваколлі на Узнясенне Гасподне, якое адзначаецца на шостым тыдні пасля Вялікадня, праходзілі масавыя святкаванні і нават кірмашы, – расказвае куратар работ па адраджэнні крыніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец. – Ад царквы ў Апанаскавічах вернікі ішлі хрэсным ходам да сарочынскага храма Архангела Міхаіла, а потым спускаліся да гаючай крыніцы. Захаваліся спасылкі нават аб вылечванні людзей. Мы ведаем на Ушаччыне і іншыя святыя месцы, аднак зручнае знаходжанне гэтага, спадзяюся, зробіць яго запатрабаваным як у жыхароў нашага раёна, так і ў іншых вернікаў. Прашу ўсіх далучыцца да ўдзелу ў годнай справе.”

- Аказаць пасільную фінансавую дапамогу можа кожны, пералічыўшы любыя сумы на дабрачынны рахунак прыхода велікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў агр. Арэхаўна: BY72 BAPB 3015 4303 0001 2000 0000, УНП: 3000006980, BІК: BAPBBY2Х адкрыты ў “Белаграпрамбанку” з паметкай “На будаўніцтва Свята-Узнясенскай капліцы-купелі ў вёсцы Сарочына”.
Вольга Караленка.
