В Глыбочанской школе создано школьное лесничество «Лесной дозор»

Общество

Юных лесаводаў на Ушаччыне пабольшала – на базе Глыбачанскай СШ адкрылася школьнае лясніцтва. Круглы год тут будуць вучыць захоўваць прыродныя багацці, аберагаць лес, наводзіць у ім парадак. Паглыбіцца ў экалогію вырашылі 12 вучняў сёмага і восьмага класаў.

– Фактычна наш “Лясны дазор” працуе з 2025 года – паралельна з дашкольным “Баравічком”, – расказвае дырэктар навучальнай установы Таццяна Пахолак. – Хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі актыўны ўдзел у шэрагу экалагічных акцый, дапамагалі работнікам мясцовага лясніцтва з падлікам іглічных раслін, зімой падкормлівалі птушак, рабілі для іх домікі (не адзінкавыя – іх было больш за сотню!). Дарэчы, не толькі вучні, але і многія педагогі дагэтуль не ведалі, чым адрозніваюцца шпакоўні ад сінічнікаў – цікавы ўрок на гэтую тэму правёў ляснічы Іван Шугалей. Менавіта ён уручыў пасведчанні членам нашага школьнага лясніцтва. Сімвалічна, што адбылося гэта ў рамках акцыі “Лес! Дабро! Парадак!”, якая зараз праводзіцца па ўсёй краіне.

Хоць побач педагогі і сябры, юныя лесаводы прыкметна хвалююцца: трымаць марку трэба не толькі перад гасцямі, але і сваімі будучымі “калегамі”. Годных здзяйсненняў пажадаў усім галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса Дзмітрый Каротчык, які выказаў спадзяванне, што хтосьці абавязкова звяжа сваё жыццё з лесам.

Не сумняваецца ў гэтым намеснік дырэктара школы Галіна Казлова. Падчас невялікай экскурсіі па ўстанове яна паказала тэматычны куток з кнігамі, фотаздымкамі, настольнымі гульнямі, які на перапынках ахвотна наведваюць навучэнцы. Расказала, што юныя лесаводы ўжо займаюцца даследчай дзейнасцю, разам з класнымі кіраўнікамі Кацярынай Літвін і Алінай Зянюк арганізуюць розныя экалагічныя мерапрыемствы.

У адзначаны дзень дзеці прачыталі клятву сяброў лесу: паабяцалі беражліва адносіцца да прыроды і вучыць гэтаму сяброў. Прыемным момантам стала атрыманне памятных падарункаў ад лясгаса. Акрамя гэтага за сродкі прадпрыемства для іх зараз шыецца спецыяльная форма.

У парку аграгарадка члены “Ляснога дазору” разам з дарослымі памочнікамі заклалі памятную алею. “Я сёння бацькам раскажу, што 14 прыгожых туй пасадзілі”, “Я сваю запомніла – буду прыходзіць і паліваць”, – не хавалі эмоцый школьнікі. Было бачна: такая справа ім адназначна па душы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *