Цікавым і даволі масавым атрымаўся турнір па дартсе, арганізаваны ў рамках Года беларускай жанчыны ў спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”. Праверыць сваю трапнасць вырашылі 14 удзельніц.
“Выбралі менавіта гэты від спорту, бо ён і захапляльны, і не патрабуе надзвычайных фізічных кандыцый, а трапіць дроцікам у мішэнь могуць і навічкі. Разам з тым, каб паказаць стабільнасць у спаборніцтвах па сістэме “вялікага круга”, дзе трэба зрабіць 60 кідкоў, неабходна папярэдняя падрыхтоўка”, – тлумачыць начальнік аддзела спартыўна-масавай работы Ушацкай СДЮШАР Таццяна Клімашэўская.
І гэта пацвердзілі вынікі турніру, на п’едэстал якога, дарэчы, узняліся тры яе цёзкі. Уладальніца “срэбра” Таццяна Хрыпель – універсальная спартсменка, якая праяўляе сябе ў валейболе, тэнісе, пастаянна ўдасканальваецца і ў дартсе. А вось “золата” работніцы лясгаса Таццяны Стрыжонак для многіх стала пэўным сюрпрызам – але не для Ігара Шышко, аднаго з лепшых дартсістаў раёна, які трэніраваў перад турнірам сваю калегу па рабоце. А “бронзавы” вынік паказала яшчэ адна яго вучаніца – спадарожніца жыцця Таццяна Шышко.
Нагадваць пра яркае выступленне пераможцам будуць арыгінальныя кубкі. Ну а ў планах гэтага года яшчэ нямала тэматычных спаборніцтваў, дзе нашы зямлячкі змогуць паказаць свае спартыўныя таленты.

