Акцент на туризм и промышленность. Как проходит выполнение плана пятилетки в Ушачском районе?

Общество

Падчас наведвання філіяла “Ушацкі”.

Праляцелі першыя тры месяцы года і можна прааналізаваць, якім быў старт новай пяцігодкі для раёна. На апошнім пасяджэнні райвыканкама агучаны такія лічбы: па выніках першага квартала чакаецца выкананне сямі з 13 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Выкарыстоўваць усе магчымасці

Значны рэзерв умацавання эканомікі Ушацкага раёна – развіццё яго турыстычнага патэнцыялу. Менавіта на гэтым засяродзіла ўвагу намеснік міністра эканомікі Алена Балігатава, якая прыняла ўдзел у пасяджэнні райвыканкама. Яна адзначыла інвестыцыйную работу, якая праводзіцца раёнам, але варта больш актыўна задзейнічаць і іншыя перспектыўныя напрамкі – у прыватнасці, турызм. “У бягучай пяцігодцы развіццё гэтай галіны з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам. І Ушацкаму раёну несумненна пашанцавала з унікальным ландшафтам, маляўнічай прыродай і асаблівай атмасферай, якая прыцягвае турыстаў. Сёння ёсць усе інструменты для рыўка ў гэтай сферы: механізмы інвестыцыйнага заканадаўства, новыя накірункі падтрымкі рэгіянальных ініцыятыў, напрыклад, крэдытны прадукт “Турыстычны патэнцыял”, якія дапамагаюць хутка запусціць праект. Галоўнае – аператыўна выкарыстоўваць створаныя дзяржавай магчымасці”, – падкрэсліла Алена Аляксандраўна.

У Беларусі шмат санаторыяў і ўшацкія “Лясныя азёры” сярод іх маюць добрую рэпутацыю. Аб гэтым сведчыць загружанасць нашай здраўніцы, амаль круглы год яна запоўнена практычна максімальна, а на цёплы сезон пуцёўкі браніруюцца вельмі загадзя. Таму паступова санаторый абнаўляе інфраструктуру і пашырае нумарны фонд. Напрыклад, зараз будуецца чарговы катэджны дом. У бліжэйшых планах яшчэ і новая спартыўная пляцоўка, водагразелячэбніца. Толькі за апошні год у “Лясных азёрах” з’явілася больш дзесяці новых працэдур. “Санаторый цудоўны, але тут ёсць што развіваць, улічваючы, што з цягам часу ўсё больш патрабавальнымі становяцца спажыўцы, – знаёмячыся з базай здраўніцы, адзначыла намеснік міністра эканомікі. – Той жа крэдыт “Турыстычны патэнцыял” і разлічаны на мадэрнізацыю санаторна-курортных і аздараўленчых цэнтраў менавіта ў рэгіёнах на даволі выгадных умовах і дазволіць развівацца не павольна, а дынамічна”. Усе магчымыя варыянты пашырэння кіраўніцтва здраўніцы прапрацоўвае з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Дырэктар санаторыя С.Сляцкі і А.Балігатава

Укладзенае – акупіцца

На філіяле “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” тым часам завершана рэалізацыя буйнога інвестпраекта. Дзякуючы ініцыятыве “Адзін раён – адзін праект” прадпрыемства пашырыла і мадэрнізавала вытворчасць бялкова-вітамінных дабавак, пабудавала новы цэх па перапрацоўцы бялкова-тлушчавай сыравіны. Сёння філіял працуе без выхадных у кругласутачным рэжыме. У Беларусі адзінкі прадпрыемстваў, якія з адходаў жывёльнага паходжання выпускаюць кармавы бялкова-тлушчавы абагачальнік – курыную і свіную пратэінавую муку, кармавы тлушч. Пасля мадэрнізацыі з’явілася магчымасць не толькі павялічыць аб’ёмы, а і значна палепшыць якасць прадукцыі. Дабаўкі і камбікармы “Віцебскаграпрадукта” прызначаны выключна для ўласнага пагалоўя. Фактычна прадпрыемства цяпер можа цалкам закрыць свае патрэбы ў імпартазамяшчальных таварах. А праект, у які ўкладзена каля 10 мільёнаў рублёў, акупіць сябе за некалькі гадоў.

“Ініцыятыву можна назваць унікальнай: большасць інвестпраектаў, якія рэалізуюцца ці ўжо рэалізаваны ў краіне, звязаны з перапрацоўкай сельгаспрадукцыі, машынабудаваннем, дрэваапрацоўкай, фармацэўтыкай”, – зазначыла Алена Балігатава, наведваючы філіял у Старым Сяле.

Новыя праекты і задзел на будучыню

Прымаюцца меры па прыцягненні ў раён інвестараў, у тым ліку шляхам продажу невыкарыстоўваемай маёмасці. Так, ТАА “ПитПро” распрацоўвае дакументацыю для пачатку рэалізацыі праекта па арганізацыі здабычы і перапрацоўцы торфу. Сур’ёзная вытворчасць прадугледжвае вельмі шмат падрыхтоўчай работы, а таму займае нямала часу. Дарэчы, менавіта названае таварыства набыло за адну базавую будынак Старасельскай школы.

У канцы сакавіка прададзены будынак Вяркудскай школы, дзе расійскія інвестары плануюць арганізаваць выпуск паўфабрыкатаў для вытворчасці касметыкі. А прадстаўнікі Узбекістана набылі маёмасць КУСГП “Глыбачаны”. Але гэта не хуткія інвестыцыі, а пакуль задзел на будучыню.

  • Лічбы
    Па выніках студзеня-лютага ўзровень сярэднямесячнай зарплаты па раёне склаў 1911,4 рубля, або 119,5% пры заданні 111,6.
    У першым квартале ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 434 кв.м. індывідуальнага жылля.

Робячы стаўку на турызм, несумненна, трэба развіваць і іншыя сферы, у тым ліку гандаль. Па выніках студзеня–сакавіка тэмп росту рознічнага тавараабароту складае 101,7 працэнта. Найбольш складаная сітуацыя з выкананнем паказчыкаў склалася па спажыўкааперацыі, тэмп росту тавараабароту па якой – менш за 100%. Кіраўніцтвам раёна пастаянна прымаюцца меры і спробы па адкрыцці ў раёне магазінаў і аб’ектаў грамадскага харчавання. За першыя тры месяцы года ва Ушачах з’явіліся магазін “Фермер”, заамагазін і салон “На сувязі”. У бліжэйшы час пачне працаваць крама “Сад і агарод” у вёсцы Сарочына. Прапрацоўваецца пытанне па адкрыцці ў гарпасёлку аб’ектаў грамадскага харчавання ў былым кафэ “Еўропа” і на месцы магазіна “Раніца”.

На пасяджэнні прааналізаваны вынікі па кожнай сферы і намечаны планы на перспектыву. Як было адзначана, каб развівацца – трэба шмат працаваць, рост эканомікі немагчымы без павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, пашырэння рынкаў збыту і дысцыпліны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *