
На мінулым тыдні завяршыўся турнір па настольным тэнісе сярод жыхароў Ушацкага раёна, які доўжыўся месяц. І атрымаўся сёлета ён больш масавым, чым летась – запісалася 23 аматары малой ракеткі – у першую чаргу з-за пашыранага жаночага саставу. Прычым, палова ўдзельніц далучылася да гульняў ці ўпершыню, ці пасля працяглага перапынку.
“Вось што значыць прапусціць некалькі сезонаў. Аказваецца, выраслі сапернікі, з якімі страшна выходзіць на паядынак, – жартавала Людміла Бабаедава. – А калі сур’ёзна, то задаволена, што праводзяцца такія спаборніцтвы: пазнаёмілася з больш моцнымі дзяўчатамі – тым цікавей гуляць, атрымала сапраўднае задавальненне. Ёсць стымул больш сур’ёзна трэніравацца”.
Так па заканчэнні гавораць практычна ўсе, хаця і не кожны потым трымае слова. А мэта адкрытых турніраў якраз у гэтым – зацікавіць, распаліць жаданне браць у рукі ракетку сістэматычна, а не раз у год. Дарэчы, менавіта так і рабіла абсалютная пераможца Наталля Шунто. Два разы на тыдні па вечарах яна дзяліла стол у фізкультурна-аздараўленчым комплексе са сваёй роднай сястрой Людмілай Стрыжонак. Абедзьве заканчвалі Вялікадолецкую школу – і гэтым усё сказана. На ўроках Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага не ігралі, а адточвалі прыёмы. Таму ў Наталлі з дзесяці сустрэч – ніводнага паражэння, а сваім саперніцам яна не саступіла ні сета.
Дарэчы, на п’едэстале магла апынуцца і Л.Стрыжонак, паколькі набрала аднолькавую колькасць балаў (14) з Аляксандрай Шаўчэнка, у якой “бронза”, і Лідзіяй Долгай. Журы давялося адкрываць прамежкавыя пратаколы, каб вызначыць пераможцаў па ліку ў партыях. “Срэбра” турніру дасталася навічку Паліне Шараевай, якая вучаніцай спаборнічала за Ушацкую школу, потым – за лясны каледж, ды і зараз прыходзіць у “Юнацтва-Ушачы” з такім жа аматарам – сваім бацькам.
Аднолькавая колькасць перамог (па пяць і па 10 балаў) у Людмілы Бабаедавай і Дар’і Нераз, што гаворыць пра блізкі ўзровень валодання ракеткай.
Чаго не скажаш пра мужчын. Падчас турніру нават разгарнулася дыскусія, што варта дзяліць ігракоў па майстэрстве, каб у слабейшых не знікаў азарт. Не ўсе нават дайшлі да фінішу – не адчувалі цікавасці і не бачылі перспектыў. Фаварытам спаборніцтваў стаў Антон Станевіч і, канечне, невыпадкова – яго бацька Аляксандр Сяргеевіч выкладаў ва Ушацкай СШ фізічную культуру. Два астатнія прызавыя месцы дасталіся калегам па рабоце – выратавальнікам Віктару Волаху і Аляксандру Сакалову. Дарэчы, узнімаліся на п’едэстал яны і летась – хлопцы і працуюць у адной змене, і трэніруюцца разам.
Віктар Леўшык, Уладзімір Сільванёнак, Віталь Клімашэўскі, Раман і Мікалай Фядосенкі, Уладзімір Корань – таксама пастаянныя ўдзельнікі турніру. І спадзяюся, што на наступны год аматараў малой ракеткі стане яшчэ больш.
Таццяна КЛІМАШЭЎСКАЯ, начальнік аддзела спартыўна-масавай работы Ушацкай СДЮШАР.
