На тэрыторыі Глыбачанскага лясніцтва адбыўся лясны пажар, у выніку якога пашкоджана агнём каля двух гектараў лесу. Узгаранне прыйшло ў лесфонд з прылягаючага поля, дзе хтосьці падпаліў сухую траву.
У чарговы раз нагадаем, што ў Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за такія дзеянні або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Калі ж нанесены ўрон, то сумы штрафаў узрастаюць у разы.
Работнікі дзяржлесаховы Ушаччыны зараз нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме, арганізавана кругласутачнае відэаназіранне за лесфондам з дапамогай сістэмы “Лясны страж”.
Нягледзячы на прайшоўшы дождж, ва Ушацкім раёне зараз дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў. Гэта значыць, што нельга заязджаць на тэрыторыю ляснога масіву на механічным транспартным сродку, разводзіць вогнішчы, пакідаць прамасленыя і розныя гаручыя матэрыялы – гэта можа прывесці да самаўзгарання!
На сайце Мінлясгаса дзейнічае інтэрактыўная карта, дзе можна даведацца пра абмежаванні і забароны на наведванне лясоў у кожным раёне рэспублікі. Інфармацыя на карце абнаўляецца штодня.
Будзьце асцярожнымі ў лесе, не парушайце патрабаванні пажарнай бяспекі. Задумайцеся, што лясны пажар перакрэслівае дзесяцігоддзі працы не аднаго пакалення работнікаў лясной гаспадаркі! Калі вам хочацца хутчэй спаліць сухую расліннасць, каб было прыгажэй – ганіце ад сябе падобныя думкі, не паспееце азірнуцца, як трава зазелянее і без запалкі!
Гэтай вясной у лясах Беларусі зарэгістравана 207 выпадкаў узгаранняў, агонь прайшоўся па плошчы больш чым 200 гектараў. Самы буйны лясны пажар адбыўся ў Пінскім раёне, дзе пашкоджана 116 гектараў лесу.
Вольга КАМАРКОВА.

