Свята Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь адзначаецца ў нашай краіне ў другую нядзелю мая – заўсёды вельмі блізка, а то і адначасова з Днём Перамогі. І гэта вельмі сімвалічна.
“Наш народ пераадолеў вялікі шлях ад фізічнага і маральнага зняволення, і ён адлюстраваны ў нашых дзяржаўных сімвалах, – сказаў, віншуючы ўшачан са святам, старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч. А які гонар за краіну адчуваеш, калі наш гімн гучыць у гонар перамогі беларускіх спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, ці калі сцяг з арнаментам бачыш над навуковымі станцыямі ў Антарктыдзе!
На цэнтральнай плошчы гарпасёлка ў гэты дзень сабраліся прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў, школьнікі, сем’і з дзецьмі. І ўсе разам спявалі гімн, калі падымаўся дзяржаўны сцяг. Гэтае ганаровае права атрымаў начальнік дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Уладзіслаў Еўстратоўскі. А бойкі чацвёртакласнік Раман Лабёнак ні разу не збіўся, вымаўляючы словы гімна: “Мы развучвалі яго ў школе ўсім класам і заўсёды пяём, калі гучыць”. Так, сімвалы сваёй краіны мы ведаем з дзяцінства.
Гучалі ў гэты дзень і іншыя песні, усе настолькі зараджаныя на патрыятызм, што падпявалі і іх.
Завяршылася мерапрыемства традыцыйнай лёгкаатлетычнай эстафетай, у якой прынялі ўдзел шэсць каманд з сямі калектываў. Каб узмацніцца, газавікі аб’ядналіся з раёнам электрасетак – зборная заваявала другое месца, усяго 2 сотых секунды саступіўшы прадстаўнікам кампаніі “Твестуба- ПРА”. “Бронзавы кубак” атрымалі выратавальнікі, а прадстаўнікі лясгаса, бальніцы і Ушацкай школы апладысментамі віталі больш хуткіх сапернікаў.
Вольга Караленка.

