Вяркудскі
Па рэкорднай цане
Нядаўна ў вёсцы Калкі з аўкцыёну прададзены ўчастак, кошт якога пабіў усе ранейшыя цанавыя рэкорды. У таргах прымала ўдзел шэсць чалавек, у выніку чаго першапачатковая цана ў 5 тысяч рублёў паднялася да 72 і ўчастак дастаўся мінчаніну. Гэта самы высокі кошт зямлі за ўсю гісторыю правядзення ў раёне аўкцыёнаў.
Ушацкі
Чым магу дапамагчы?
З такімі словамі звярнуўся ў сельвыканкам Вячаслаў Карзянок з Салонца-ІІ і прыняўся за добраўпарадкаванне помніка загінуўшым жыхарам Забораўна, што стаіць пры ўездзе ў вёску. Да Дня Перамогі абеліск “апрануўся” ў новы шэры колер, а ля яго падножжа з’явілася прыгожая металічная канструкцыя пад кветкі. Такую ж грунтоўную, і зноў жа па ўласнай ініцыятыве мужчына летась змайстраваў ля помніка ў Матырыне.
Чысцеюць вёскі
Два старыя трухлявыя дамы знеслі нядаўна ў вёсках Ліпавец і Салонец-І. Цікава, што тэндар на правядзенне работ выйграла фірма з Брэсцкай вобласці. Падобная работа праводзіцца па ўсіх сельсаветах і з пачатку года па раёне знесена 14 нічыйных пабудоў.
Сарочынскі
І стала крынічка калодзежам
У вёсцы Газберг добраўпарадкавана крынічка. Каб у ваду не сыпалася лістота і смецце, яна набыла дах, калаўрот і ператварылася ў сапраўдны калодзеж, паколькі гэтай чыстай вадой карыстаюцца мясцовыя жыхары і дачнікі. Непасрэдны ўдзел у работах прымалі намеснік начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Уладзімір Казлоўскі і старшыня Сарочынскага сельвыканкама Віталь Клімашэўскі (на здымку).
Жарскі
Падтрымалі пагарэльцаў
Пасля пажару ў вёсцы Слабада без даху над галавой і ўсіх неабходных рэчаў аказалася адна сям’я. Пакой у аграгарадку Ільюшына ім выдзелілі родныя, а на просьбу старшыні Жарскага сельвыканкама С.Міхейкі аб зборы пасцельных рэчаў адгукнуўся калектыў санаторыя “Лясныя азёры”. Сям’і перададзены бялізна, падушкі і коўдры.
Падрыхтавала Вольга Караленка.

