
Сярэдняя тэмпература па Ушацкай ЦРБ у аўторак дакладна перавышала норму, а настрой у актавай зале зашкальваў – столькі пазітыўных эмоцый падарылі прысутным удзельніцы конкурсу прафесійнага майстэрства. У Міжнародны дзень медыцынскай сястры паспаборнічаць за званне лепшай не пабаяліся пяцёра прадстаўніц гэтай прафесіі.
Калі б мінулым летам асабіста не пазнаёмілася з дзяўчатамі, наўрад ці б паверыла, што гэта маладыя спецыялісты: настолькі ўпэўнена яны спраўляліся з заданнямі. Падчас візітоўкі ўсе прызналіся, што з першых дзён палюбілі прафесію. Таццяна Жаваранак, якая зараз працуе ў педыятрычным аддзяленні, расказала, што да спаўнення такой сваёй дзіцячай мары ішла доўгія гады: паспела атрымаць адукацыю повара і папрацаваць раздатчыкам, выйсці замуж і нарадзіць дваіх дзяцей – а ўжо потым, заручыўшыся падтрымкай блізкіх, адвучыцца на медыка. Меркавала займацца гімнастыкай акушэрка Валерыя Вярцелка. Калі ж у дзясятым класе пачалося вывучэнне анатоміі чалавека, “сухая” тэорыя з падручнікаў нечакана набыла для яе глыбіню – вырашыла паступаць у медкаледж, а зараз у аглядавым кабінеце паліклінікі прымае пацыентак. Шчаслівай называе сябе загадчык Кубліцкага ФАПа Вераніка Хвошч, бо адчувае сваю запатрабаванасць. З дзяцінства марыла дапамагаць людзям Карына Маскалёва – і зараз робіць гэта ў тэрапеўтычным аддзяленні. Рознабаковая ж па інтарэсах Ганна Карпенка выбар зрабіла спантанна, аднак не шкадуе: творчасць і артыстызм праяўляе на ранішніках у дзіцячым садзе №4 г.п.Ушачы, дзе зараз працуе.
Дасведчанасць удзельніц паказаў тэарэтычны блок праграмы. Па апісаных сімптомах маладыя спецыялісты ставілі дыягназ – інфаркт міякарда, гіпертанічны крыз, ацёк Квінке, прыступ нырачнай колікі, а таксама расказвалі, як аказвалі б неадкладную меддапамогу. З практыкай таксама праблем не ўзнікла: упэўнена накладвалі кампрэс, рабілі ўколы, спавівалі малыша, праводзілі сардэчна-лёгачную рэанімацыю…
Цікава было даведацца і пра захапленні дзяўчат. Так, Вераніка прэзентавала работы, выкананыя ў тэхніцы алмазнай мазаікі – як прызналася, над кожнай каля двух тыдняў трэба пасядзець. Валерыя стварае карціны па нумарах – такі занятак, ды яшчэ пад музыку, расслабляе. Ганна малюе на палатне – мілыя жывёлы ў яе выкананні радуюць і саму, і блізкіх. Смачным блінным пірагом па рэцэпце сваёй маці частавала прысутных Карына. Праявіла кулінарныя здольнасці і Таццяна – калі на стале з’явіліся сушы-торт і піцца, ва ўсіх пацяклі слінкі.
У гэты святочны дзень узнагароды атрымалі і вопытныя медыцынскія сёстры. За добрую работу Граматы Ушацкай ЦРБ галоўны ўрач Ю.Пацёмкін уручыў Таццяне Станевіч з фізіятэрапеўтычнага аддзялення і Святлане Качан з Вялікадолецкай амбулаторыі агульнай практыкі.
Гледачы актыўна падтрымлівалі маладых спецыялістаў, ды і самі між этапамі дэманстравалі клас у вясёлых заданнях медыцынскай тэматыкі. Падарункі ад Ушацкай ЦРБ і прафсаюзнай арганізацыі ўстановы атрымалі ўсе канкурсанткі, перамогу ж святкавалі адразу дзве: Т.Жаваранак і К.Маскалёва. Яны былі адзначаны таксама раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
