Здаецца, зусім нядаўна паведамлялі пра навінкі нашай здраўніцы, а санаторый “Лясныя азёры” паспеў абнавіць шэраг відаў лячэння і нават адкрыць абсалютна новыя. Нашым чытачам, думаецца, будзе цікава азнаёміцца з імі, тым больш што з’явілася магчымасць атрымаць іх у зручны для сябе час. З 1 мая некаторыя кабінеты працуюць без выхадных і з падоўжаным графікам. Напрыклад, з 8 да 20 адкрыты адзін з самых папулярных – электрасвятлолячэння, у якім пад кіраўніцтвам вопытнага работніка Валянціны Валянцінаўны Коршун адпаведнае навучанне прайшла спецыяліст Святлана Баранава (на здымку).
Прэсатэрапія. Двухзменную работу, зразумела, уводзілі ў самых запатрабаваных кабінетах: №14 – адзін з такіх, дзе адначасова запоўнена 13 кабінак. Лячэнне ўльтрагукам, святлом, уздзеяннем магнітных палёў, у тым ліку і высокаінтэнсіўным апаратам, калі ўжо пасля некалькіх сеансаў людзі перастаюць адчуваць боль у суставах. І, канечне, прэсатэрапія.

Тут ніколі не пустуе “Лімфамат” – апарат, які паляпшае цыркуляцыю крыві і лімфы. Па водгуках адпачываючых, пасля праходжання курса больш чым паўгода не турбуюць сутаргі ног, і гэта толькі адзін з адчувальных эфектаў. А набытае нядаўна сучаснае абсталяванне робіць пнеўмакампрэсарны масаж не толькі рук ці ног, але і тулава, тым самым паляпшае кровазварот, а значыць і стан усяго арганізма.
Унутрывеннае лазернае апрамяненне крыві – таксама навінка, якая “ачышчае” кроў і назначаецца як у прафілактычных мэтах, так і для лячэння, напрыклад, ішэмічнай хваробы сэрца. Уздзеянне лазарам існавала ў здраўніцы і раней: на пэўныя кропкі суставаў ці на вене, а новая працэдура “ўбівае” вірусы, бактэрыі, разбівае і выводзіць дрэнны халестэрын і наогул павышае імунітэт непасрэдна праз сасуды.
Іголкарэфлексатэрапія, якая праводзіцца выключна спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, адноўлена ў санаторыі пасля працяглага перапынку дзякуючы Наталлі Леанардаўне Аляксеевай. Намеснік дырэктара па медыцынскай частцы выконвае не толькі класічнае іголкаўколванне, якое здымае мігрэні, болі з пазваночніку, але і акупунктурны ліфтынг твару, мікрасістэм кісцей і стоп, скальпарэфлексатэрапію, а таксама дыягностыку паталогій праз вушныя ракавіны з наступным лячэннем. Дарэчы, на мінулым тыдні Н.Аляксеева прыняла ўдзел у міжнародным медыцынскім форуме, дзе выстаўляліся і навінкі медыцынскага абсталявання.
Біяметрычная кінезіялогія – абсалютна новы метад не толькі для нашай здраўніцы, а і наогул для Беларусі, які зараз асвоены толькі ў 8 санаторыях краіны. Таму і навучанне масажыст Наталля Станкевіч праходзіла ў Расійскай Федэрацыі. Адпачываючыя ўжо 2 месяцы атрымліваюць курс лячэння з элементамі мануальнай тэрапіі, біяхімічнай карэкцыі, лячэбнай фізкультуры і вяртаюцца не толькі з больш рухомымі суставамі, а з веданнем таго, што рабіць, каб не непакоіў скаліёз ці астэахандроз. Комплексны падыход ацэнкі стану арганізму дазваляе і далей лячыцца самастойна.
- Штодзённа з 8.00 да 17.00 гадзін працуе кабінет ручнога масажу, з 8.00 да 20.00 – элекстрасвятлолячэння, з 9.00 да 21.00 можна атрымаць унутрывеннае апраменьванне крыві і фітасвечкі. У бліжэйшы час кожны дзень будуць аказвацца і касметычныя паслугі.
Кропкавы, глыбінны – ручны і механічны. Скарочана “Робатам” называюць суперсучасны прататып масажнага крэсла ці нават ложка, паколькі апарат у рабоце прымае амаль гарызантальнае палажэнне, а чалавек рэлаксіруе пад адну з 24 прадугледжаных праграм. Пры гэтым робат “сканіруе” цела, што робіць працэс максімальна камфортным. З’явіўся ў здраўніцы і біямасаж з магнітастымуляцыяй і цеплалячэннем, а таксама новы вібракампрэсійны, што разганяе цэлюліт і здымае болі ў мышцах. Спецыяльныя курсы праходзіла спецыяліст Кацярына Булаўка, якая асвоіла букальны (глыбінны) масаж твару. На інавацыйную методыку, зразумела, трэба запісвацца загадзя, бо кожная жанчына жадае пазбавіцца двайнога падбародка ці абвіслых шчок. Новыя віды ручнога масажу – з элементамі кропкавага аказвае масажыст Марыя Валенцік.
Такія перамены адбыліся толькі за апошні год і яскрава пацвярджаюць высокі статус нашай невялікай здраўніцы. “Лясныя азёры” аднымі з першых укараняюць новыя методыкі, набываюць суперсучаснае абсталяванне і пастаянна павышаюць узровень ведаў сваіх супрацоўнікаў.
Каб трапіць на аздараўленне, трэба атрымаць медыцынскую кніжку (корпус №3), звярнуцца да ўрача, які назначыць працэдуры, улічыўшы супрацьпаказанні, а таксама падберуць свабодны час.
Вольга КАРАЛЕНКА.

