
Падчас урачыстага адкрыцця ХХІХ турніру па дзюдо памяці трэнера Станіслава Шэдзько традыцыйна гучалі два дзяржаўныя гімны: сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел больш 200 дзюдаістаў з васьмі каманд розных гарадоў Беларусі і Расіі.
Яшчэ адна асаблівасць мемарыялу – прысутнасць вялікай колькасці гасцей. У гэты раз прывітальныя словы юным спартсменам адрасавалі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Ягораў, ганаровы грамадзянін горада Полацка, майстар спорту па самба і дзюдо Уладзімір Тачыла.
На трыбунах як заўжды было шмат гледачоў рознага ўзросту, і спачатку мы меркавалі прысудзіць лаўры самай юнай балельшчыцы гадавалай Эвяліне Пятніцы, якая разам з мамай падтрымлівала сястрычку Віку, аднак потым прыкмецілі яшчэ маладзейшага аматара спартыўных відовішчаў – шасцімесячнага Рому, што назіраў за паядынкамі старэйшых братоў Лёшы і Стаса Лаўрэнавых. “Хлопчыкі з радасцю ходзяць на трэніроўкі да Крысціны Зуевай і я задаволена, што яны займаюцца такім карысным для развіцця відам”, – зазначыла іх матуля Вольга Магерка. У сям’і жанчыны выхоўваецца дзевяць дзяцей, аднак яна знаходзіць час, каб падтрымаць сыноў на спаборніцтвах!
Зазірнуў у залу і Ілья Каваленка: здаецца, зусім нядаўна бегаў на трэніроўкі да Валерыі Джураевай і Святланы Фядосенкі, радаваўся паступленню ва ўчылішча алімпійскага рэзерву, а зараз ужо і сам – без пяці хвілін дыпламаваны спецыяліст па фізвыхаванні.
“Турніры памяці Шэдзько былі для нас асаблівымі: хацелася выступіць як мага лепш! А ўвогуле я ўдзячны нашай спартшколе за тое, што знайшоў сваю дарогу ў жыцці”, – падкрэсліў Ілья.

А колькі эмоцый было на татамі і ля яго! Ксюшу Шустрову і Мілану Жогаль бацькам і трэнеру Святлане Мікалаеўне давялося суцяшаць: хоць турнір для дзяўчынак быў дэбютны, яны аказаліся максімалісткамі і ніякага выніку апроч “золата” не ўспрымалі. А вось Аня Мядзведская пасля няўдалай схваткі не засмуцілася і запэўніла нас, што абавязкова падцягне сваё майстэрства. Тым часам у Дашы Кісляковай праходзілі літаральна ўсе прыёмы, і пасля фінальнага паядынку яна радасна абдымалася з выкладчыкам Верай Кілінай і мамай Анастасіяй. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзняліся таксама Яўгенія Крывёнак, Ангеліна Алексяёнак, Мілана Васілевіч, Платон Трахімёнак і Раман Лабёнак. “Срэбра” заваявалі Ганна Пугач, Яўгенія Майсяёнак, Вікторыя Дрозд, Паліна Шарлай, Мілана Жогаль, Вікторыя Пятніца, Святлана Крупеня, Павел Дзямешка, “бронзу” – Валерыя Акулёнак, Вікторыя Шарлай, Варвара Лецкая, Ганна Мядзведская, Ксенія Шустрова, Павел Крывёнак, Савелій Раманоўскі, Павел Марковіч, Іван Ціханаў і Аляксей Лаўрэнаў.
Узнагароды пераможцам уручылі першы трэнер С.Шэдзько Уладзімір Панкрацьеў, Уладзімір Тачыла, прызёр чэмпіянату свету па дзюдо сярод ветэранаў Валерый Шчэмялёў, а таксама зорныя спартсменкі Анастасія Архіпава і Наталля Снежань. Апошнія падрыхтавалі і некалькі ўласных прызоў – за волю да перамогі і лепшую тэхніку. У ліку іх уладальніц аказаліся нашы Вікторыі – Шарлай і Пятніца.
…Завяршыць жа аповед хочацца падгледжанай у фае сцэнкай. Ушацкія дзяўчаты спыніліся ля Дошкі гонару работнікаў спартшколы: старэйшая ўзняла малодшую, тая склала далоні сардэчкам насупраць здымка выкладчыка, а іх сяброўка зрабіла фота… У плане любові і павагі вучняў да сваіх трэнераў ва Ушацкай СДЮШАР з часоў Станіслава Шэдзько нічога не змянілася.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
