«Два плюс три», «два плюс один». Как в Ушачском питомнике растят будущие сосны и ели

Общество

“Два плюс тры”, “два плюс адзін” – прафесійны слэнг лесаводаў для недасведчанага чалавека незразумелы. Так, напрыклад, яны “шыфруюць” узрост саджанцаў і чамусьці не плюсуюць лічбы. Ды і наогул догляд за раслінамі-дашкалятамі вельмі спецыфічны, у чым мы і пераканаліся, пабываўшы ў Вялікадолецкім пітомніку Ушацкага лясгаса, гідам па якім стаў галоўны ляснічы прадпрыемства Дзмітрый Мікалаевіч Каротчык.

Плугі, акучнікі, культыватары, апырсквальнікі – усе гэтыя прычапныя агрэгаты, аказваецца, выкарыстоўваюцца не толькі на палях. Абслугоўвае іх і круглы год заняты за баранкай механізатар Раман Гваздзёў, якому ў доглядзе за лясной школай дапамагае лесавод Аляксандр Дарашкевіч. Яны патлумачылі і назначэнне нехарактэрнага для нашых сельгаспрадпрыемстваў агрэгата з сядзеннямі, які паміж сабой называюць “капустніцай”. Такія пасадачныя машыны сапраўды выкарыстоўваюць і для прамысловай высадкі агародніны – перцаў, таматаў ці той жа капусты.

Работнікі закладаюць паміж дыскамі саджанцы любой культуры, а ўсё астатняе – ужо за агрэгатам. Ён прарэжа равок, уставіць карэньчык на зададзенай адлегласці і закрые яго зямлёй, пры гэтым не забудзецца ўнесці ўгнаенне. Без такой прылады высадзіць у пітомніку на 10 гектарах тысячы елак-дашкалят было б вельмі стратна і па рабочых руках, і па часе. А ён, аптымальны, існуе і ў лесаводаў, а значыць не меней, чым для аграномаў.

Сведчаннем таму – наяўнасць у пітомніку халадзільнікаў, у якіх на мінулым тыдні яшчэ знаходзіліся саджанцы. “Гэта расада з закрытай карэннай сістэмай (у кантэйнерах), якая ў нашай вобласці вырошчваецца толькі ў Глыбоцкім лясгасе, – тлумачыць Дзмітрый Мікалаевіч. – Яна лепш прыжываецца, таму набываем яе, каб укаранілася на месцы засохлых раслін, а трымаем пры нізкай тэмпературы, каб не пускалася раней часу ў рост, і такім чынам падаўжаем тэрмін пасадкі. Пагоды для лясгаса яна не робіць – увесь аб’ём саджанцаў для сваіх мэт вырошчваем самі з семак, а лішкі таксама прадаём”.

У якасці ўшацкай прадукцыі даўно пераканаліся аршанскія калегі, якія купляюць сасну і елку некалькі гадоў запар. Акрамя таго далецкія хвойнікі-школьнікі накіраваліся сёлета ў Расонскі, Бешанковіцкі, Полацкі раёны і ў лясны каледж. Заказвалі і “2+2”, і 2+1”, а чаму апошнія бяруць лепш, а лічбы не плюсуюцца, патлумачыў загадчык гадавальніка Сяргей Іванавіч Машчонак. “Адносяцца яны да розных перыядаў росту раслін і для спецыялістаў зразумелыя. Першая лічба – гэта гады знаходжання ў цяпліцах, а другая – у школцы. Прыжываюцца найлепш маленькія, а 2+3 ідуць пераважна на падсадку ўчасткаў”.

Першыя гады жыцця хвойнікі настолькі безабаронныя, што абагнаць у росце і заглушыць іх можа любая расліна. Каб зменшыць плошчы ручной праполкі і падсілкаваць малечу – у гадавальніку праз дзень робіцца міжрадковае рыхленне, некалькі разоў праводзіцца падкормка, а таксама падрэзка каранёў: перад масавай высадкай у дзялянкі і абавязкова восенню, каб хутчэй праходзіла адзервяненне саджанцаў.

Аднак не толькі елкі ды сосны растуць у пітомніку. У спецыяльных “скрынях” гадуюцца маленькія бярозкі, клёны, ясень і дуб. Яны таксама акажуцца ў дзялянках, хоць і з асаблівай – абароннай місіяй. Ліставым лесам спецыяльна разбіваюць плантацыі хвойнага, каб спыніць распаўсюджванне хвароб, уласцівых апошнім.

Ну а самае прыгожае месца ў гадавальніку там, дзе растуць дэкаратыўныя расліны – больш 30 відаў туй, спірэі, ядлоўцу, вярбы, самшыту, дзёрану, руж, гартэнзіі перабіраюцца з часам на вуліцы гарадоў, у паркі і сядзібы прыватнікаў. Сёлета, напрыклад, прададзена 198 раслін.

Высакародная місія ў работнікаў пітомніка і вельмі прыемная – назіраць, як з сухой семкі падымаецца лес і прыгажэюць населеныя пункты.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *