Адпачынак кожны з нас плануе загадзя, і варыянтаў правесці яго з карысцю шмат. Адзін з іх – падлячыцца ў адной з беларускіх здраўніц. Наколькі гэта магчыма, хто можа разлічваць на ўдзешаўленне кошту і пра іншыя нюансы атрымання пуцёвак мы гутарылі з вядучым спецыялістам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ушацкага раёна В.Г.СМАТРОВАЙ.
– Вольга Генадзьеўна, наколькі наогул ушачане цікавяцца адпачынкам у санаторыях?
– Мяркую, што такі інтарэс не знікне ніколі, паколькі чалавек за аздараўленне плаціць у асноўным ад 15 да 30 працэнтаў кошту, а для дзяцей яно наогул бясплатнае. Заяўкі ад арганізацый паступаюць пастаянна, ну а сярод пенсіянераў на чарзе зараз знаходзіцца 131 чалавек. Агульная колькасць пуцёвак на раён залежыць ад насельніцтва. Летась рэалізавана 24 дарослыя і 34 дзіцячыя, з іх 9 – маці і дзіцяці, за два кварталы гэтага года – адпаведна 10 і 14.
– Хто можа прэтэндаваць на льготную пуцёўку кожны год?
– Толькі дзеці і інваліды І і ІІ груп у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пенсіянеры могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку раз у тры гады, а працуючыя грамадзяне – раз у чатыры. Змены адбыліся з 2024 года і датычацца таксама працягласці датацыйнага аздараўлення – 15 дзён для дарослых і 18 – для дзяцей.
– Перавагу якім санаторыям аддаюць жыхары нашага раёна?
– Тым, што знаходзяцца бліжэй, паколькі профіль ва ўсіх здраўніцах зараз шырокі і практычна аднолькавы, а праезд быў і застаецца за свой кошт. Таму “Лясныя азёры” ва ўшачан – лідар запыту. На жаль, не заўсёды можам прапанаваць, што просяць, напрыклад, той жа “Радон”. Хоць Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні можа рэалізоўваць пуцёўкі ва ўсе здраўніцы краіны, некаторыя з іх не зацікаўлены і не ўдзельнічаюць у тэндарах. Аднак, хачу нагадаць, што з гэтага года льготным крэдытам “На родныя тавары” можна скарыстацца і для пакупкі пуцёвак.
– Беларусь мае санаторыі і за мяжой. Ці рэальна трапіць у Сочы, Місхор ці Друскінінкай?
– Абсалютна ва ўсе пералічаныя. Зараз у Туапсэ адпачывае маці з двума дзецьмі, якая пры кошце пуцёўкі ў 3377 рублёў заплаціла толькі 506 (бацькі пры суправаджэнні дачкі ці сына ўносяць 15 працэнтаў ад цаны). Аднак трэба ўлічваць, што на выезд у Расію для ўсіх патрэбны пашпарты, а ў Літву – яшчэ і віза.
– Кошт пуцёўкі па-ранейшаму залежыць ад заробку?
– Так, ад яго каэфіцыенту да сярэдняй зарплаты па краіне і ад сезона – з 1 лістапада па 30 красавіка аплата пачынаецца з 15 працэнтаў ад цаны, у летні час – з 20, такі ж тарыф і для непрацуючых пенсіянераў. Улічваюцца ўсе віды заробку, аднак ушачане звычайна ўносяць менш 40 працэнтаў. Для інвалідаў І і ІІ груп і ветэранаў ВАВ аздараўленне цалкам бясплатнае.
– Для таго каб атрымаць пуцёўку, трэба…
– Падаць заяву ў камісію па аздараўленні ў сваёй арганізацыі. Непрацуючыя пенсіянеры звяртаюцца непасрэдна да мяне (Савецкая, 37, трэці паверх, каб. №1 тэл. 5-16-55). Ушачане, якія не плацяць узносаў у фонд сацыяльнай абароны, могуць прэтэндаваць на пуцёўку толькі для сваіх дзяцей.
– Якія здраўніцы часцей за ўсё наведваюць жыхары раёна?
– “Жамчужына” – гэта санаторый ў Лепельскім раёне, вядомыя многім “Нарач”, “Сасновы бор”, “Алеся” , “Лётцы”, “ Беразіна”. Сярод дзіцячых – міёрская “Расінка”, “Случ”, “Свіслач”. Нават калі гэта брэсцкі ці гомельскі рэгіён – дарога не займае шмат часу, і людзі ахвотна пагаджаюцца, каб заадно пазнаёміцца з новымі мясцінамі.
Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.

