
У суботу цэнтральная плошча г.п.Ушачы напоўнілася асаблівай атмасферай. Тут было ўсё: яркае майскае сонейка, ахапкі прыгожых кветак, лёгкае трапятанне выпускных стужак, мора ўсмешак і… слёз. Слёз радасці, светлага суму і бясконцай удзячнасці. Для вучняў 9, 11 класаў з усіх школ раёна прагучаў апошні званок.
У невялікім саставе прыбылі на ўрачыстасць прадстаўнікі Вялікадолецкай школы. Сёлета дзявятага класа тут няма, адзінаццаты ж заканчваюць толькі чацвёра навучэнцаў. “Гэта мой трэці выпуск, па якім, канечне, буду сумаваць, – прызналася Ніна Канстанцінаўна Спірыдовіч. – Клас вельмі моцны: ва ўсіх пераважна васьмёркі ды дзявяткі, а таксама намер паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым, у дваіх – на педагагічныя спецыяльнасці. Трымаю кулачкі за сваіх прыгажунь-дзяўчат і надзейнае плячо калектыву Даніка Рэута”. У хлопца, дарэчы, у гэты дзень была адна з самых моцных груп падтрымкі – непасрэдна на ўрачыстасці і дома віншавалі бацькі і шасцёра брацікаў, сястрычак.

“А ў нас сёння жаночая кампанія, – усміхаліся адзінаццацікласніцы Глыбачанскай школы і іх класны кіраўнік Алена Сцяпанаўна Герцык. – Вось толькі раённы фармат свята – непрывычны: не трэба да мікрафона ў ролі вядучых выходзіць”. Без Сашы Сіскевіч, Насці Сяліцкай і Дашы Красновай, сапраўды, не абыходзілася ніводнае школьнае мерапрыемства. Але ж дырэктар установы Таццяна Анатольеўна Пахолак аптымізму не губляе: дзевяцікласнікі ўжо пераймаюць такі вопыт – пад кіраўніцтвам маладога настаўніка Арцёма Мікалаевіча Багаева актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных, працоўных акцыях.
Упэўнена праходзілі “круг гонару” па плошчы выпускнікі Ільюшынскай школы. Па-першае, адчувалі падтрымку свайго класнага кіраўніка Ларысы Уладзіміраўны Шарыпа, якая стала для іх лепшым сябрам. Па-другое, да павышанай увагі ўсе чацвёра даўно прывыклі: не раз перамагалі на прадметных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, творчых і спартыўных конкурсах.

Авацыямі сустракалі прысутныя адзінаццацікласнікаў Ушацкай СШ. Сёлета ў двух класах завяршаюць навучанне 17 харызматычных юнакоў і 23 дзяўчыны. Сярод іх, упэўнены Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка і Марына Уладзіміраўна Міхайлава, нямала будучых інжынераў і будаўнікоў, выратавальнікаў і медыкаў, іншых высакакласных спецыялістаў, якімі будуць ганарыцца бацькі і школа.

З віншаваннямі да галоўных віноўнікаў дзейства прыйшлі на ўрачыстасць намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, начальнік аддзела па адукацыі Людміла Васільеўна Давыдава, дырэктары ўсіх школ. Пранікнёнымі вершамі, музычным нумарам парадавалі першакласнікі з райцэнтра і дзевяцікласнікі з Арэхаўскай СШ.
“Нашы любімыя і ўжо такія дарослыя дзеці! – ад імя блізкіх звярнуліся да выпускнікоў Галіна Мікалаеўна Маковіч і Ганна Уладзіміраўна Хамёнак, дочкі якіх заканчваюць Ушацкую школу. – Здаецца, толькі ўчора вялі вас – такіх маленькіх і цікаўных, з вялікімі бантамі ды ранцамі – у першы клас. Увесь гэты час бачылі, як вы падрастаеце, вучыцеся, робіце памылкі і выпраўляеце іх. І канечне ж, верылі ў вас! Зрэшты, так будзе заўсёды, бо мы вас вельмі любім”.
У гэты дзень усе бацькі праводзілі захопленым позіркам сваіх прыгожых сыноў і дочак, многія з якіх ужо перагналі іх па росце. У развітальным вальсе, які рыхтавалі не адзін месяц, прыгожа закружылі яны на плошчы.

Нямала цёплых слоў прагучала ў адрас першых настаўнікаў. Вучылі сёлетніх выпускнікоў не толькі чытаць і пісаць, але і думаць, сябраваць, адказваць за свае ўчынкі Наталля Міхайлаўна Уліцкая з Глыбачанскай школы, Людміла Іванаўна Волах з Вялікадолецкай, Наталля Уладзіміраўна Курбака з Ільюшынскай, Святлана Пятроўна Бялова, Алена Сяргееўна Мамон, Таццяна Анатольеўна Мацвеенка і Надзея Мікалаеўна Ціханенка з Ушацкай. Ад імя ўсіх іх слова трымала першая: “Гляджу на вас – усе такія прыгожыя і дарослыя! У нашай жа памяці заўсёды будзеце мілымі і пацешнымі малышамі. Хачу звярнуцца да вас з просьбай: цаніце жыццё, беражыце сябе, паважайце блізкіх, не забывайце настаўнікаў і ніколі не сумнявайцеся ў сваіх сілах!”.
Цікавым момантам стала закладка “капсул часу”. Невялічкія тубусы з пасланнямі ад выпускнікоў будуць захоўвацца ў кожнай школе, а ўскрыюць іх толькі праз дзесяць год – 2 лютага 2036-га, на традыцыйнай сустрэчы выпускнікоў. Дарослым, паспяховым людзям будзе цікава ўспомніць сябе сённяшніх, свае мары, планы на будучыню…
Права даць апошні званок было дадзена “зорачкам” вучобы – адзінаццацікласніцам Анастасіі Ларчанка з Ушач і Валерыі Урбан з Ільюшына, а таксама першакласнікам Ягору Міламу і Марыі Шарынай. Завяршылася ж урачыстасць традыцыйным ускладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам – невялічкі мітынг-рэквіем падрыхтавалі для ўсіх педагогі, вучні Глыбачанскай школы.
Дэлегацыі Глыбачанскай і Велікадолецкай школ.
Зрэшты, і пасля гэтага выпускнікі не спяшаліся разыходзіцца – сотні фота на памяць яшчэ было зроблена ў скверы, на плошчы, на вуліцах родных Ушач. Наперадзе ж у юнакоў і дзяўчат – апошнія школьныя іспыты, а ўжо 12 чэрвеня – выпускны баль.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


