Спартыўная галіна на Ушаччыне – гэта не толькі яркія выступленні на спаборніцтвах і прыцягненне насельніцтва да актыўнага ладу жыцця. Гэта яшчэ і развіццё турыстычнага вектара: з кожным годам у гарпасёлку пашыраецца адпаведная інфраструктура, што дазваляе аказваць наведвальнікам яшчэ больш якасныя паслугі і ўмацоўваць за Ушачамі статус прыцягальнага месца для спартыўнага адпачынку.
Займаецца гэтым вялікая каманда прафесіяналаў. Плённую дзейнасць вядуць арганізатары спартыўна-масавай работы, выкладчыкі СДЮШАР, спецыялісты па рэкламе – дзякуючы ім комплекс “Юнацтва-Ушачы” ведаюць не толькі ў Беларусі, а і за мяжой, на яго базе праводзяцца карпаратыўныя мерапрыемствы і спартыўныя зборы, праходзяць рэйтынгавыя спаборніцтвы. Прыемна, што значны ўнёсак у справу робіць моладзь: індывідуальныя заняткі па фізічнай рэабілітацыі старанна праводзіць Яна Сінкевіч, не толькі трэніруе дзетак, а і дапамагае ўсім жадаючым асвоіць у новым ціры практычную стральбу Дар’я Герашчанка, крэатыўна падыходзіць да рэкламных праектаў Лізавета Больц.
Хочацца прыгадаць і тых работнікаў, заслугі якіх не заўсёды трапляюць пад увагу. З адкрыцця комплексу “Юнацтва-Ушачы” яго наведвальнікаў сустракае адміністратар Алена Клімашэўская – а яшчэ і актыўна спрыяе таму, каб тэрыторыя радавала вока: вырошчвае расаду для кветнікаў. Многія заўважылі, што летась ля будынка з’явіліся арыгінальныя металічныя канструкцыі для вазонаў з петуніямі – змайстраваў жа іх рабочы па абслугоўванні будынкаў Сяргей Мацюшэнка. Вельмі шмат для добраўпарадкавання тэрыторыі робіць яго калега Пётр Цвяцінскі. А колькі станоўчых водгукаў мы чуем ад наведвальнікаў кафэ “Тайм-Аўт”, загадвае якім Аксана Мацкевіч…
Фармат артыкула не дазваляе ўзгадаць усіх членаў вялікага калектыву, якія сочаць за тым, каб бесперабойна дзейнічалі тэхнічныя сістэмы будынкаў, падтрымліваюць чысціню ў залах комплексу і нумарах інтэрната, займаюцца іншымі важнымі справамі. Аднак падчас урачыстасці, што ладзілася да свята работнікаў фізічнай культуры і спорту, многія з іх разам з трэнерамі і інструктарамі былі адзначаны граматамі і падзякамі рознага ўзроўню.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: Р.Фядосенка, І.Коршун, Л.Больц, Н.Сакалова, А.Мацкевіч, В.Ананьева, С.Мацюшэнка і загадчык сектара спорту райвыканкама С.Ціханёнак; намеснік старшыні райвыканкама Г.Ягораў узнагароджвае Т.Клімашэўскую, Я.Сінкевіч і Д.Герашчанка.


