Ва Ушачах адбылося раённае мерапрыемства, прысвечанае Дню абароны дзяцей.
Тых, хто любіць спяваць, танцаваць, сабраў канцэрт. Паказаць дзецям сапраўды было што: напрыклад, выхаванцы ясляў-сада №2 разагрэлі публіку вясёлымі танцамі, выдатна выглядалі і юныя артысты іншых садкоў, малодшыя навучэнцы харэаграфічнага і эстраднага аддзяленняў школы мастацтваў.
Зацікавілі дзяцей джэнга, шашкі – спаборніцтвы арганізавалі супрацоўнікі спартшколы. А вось работнікі аддзела дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі запрашалі паўдзельнічаць у разнастайных квестах, пазнавальных віктарынах, адгадванні загадак.
У арганізацыі свята прынялі ўдзел установы культуры раёна. Яны таксама праводзілі гульнявыя праграмы. “У летні перыяд у нашым Арэхаўне працуе школьны лагер, рыхтуецца да адкрыцця новы летнік “Азёрны”, і мы, як заўсёды, плануем дапамагаць разнастайваць адпачынак дзяцей”, – падзялілася з намі культарганізатар Анастасія Карымава.
“Летам, канечне дадаецца работы, бо да дзядуль і бабуль прыязджае шмат унукаў – і мы, безумоўна, з задавальненнем ладзім для іх мерапрыемствы”, – расказала загадчык Вяркудскага СДК Ірына Краснова.
Ушачанка Вольга Кротава падкрэсліла, што свята традыцыйна выклікае жывы водгук у дзяцей і дарослых, заўсёды праходзіць дынамічна і эмацыянальна, а для яе асабіста мае дадатковае значэнне: у сярэдняга сына на 1 чэрвеня прыпадае дзень нараджэння, што дае двайную нагоду для добрага настрою.
Скарысталіся момантам і ў гульнявой форме нагадалі аб правілах пажарнай бяспекі і дарожнага руху супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзялення ДАІ, а актывісты БРСМ частавалі ўсіх цукеркамі. Дапаўнялі атмасферу свята атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі цацкамі, шарамі, салодкай ватай і іншымі прысмакамі.
Прынамсі, у гэты дзень на святочных пляцоўках сумных не было!
Анастасія ПОЛАЗАВА.


