У Беларусі з 25 па 31 мая праходзіў тыдзень лічбавай граматнасці і кібербяспекі.
Тэма застаецца актуальнай, бо колькасць спроб падману грамадзян не зніжаецца, а метады зламыснікаў становяцца ўсё больш каварнымі.
У рамках тыдня супрацоўнікі Ушацкага РАУС сумесна з удзельнікамі ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» правялі прафілактычнае мерапрыемства сярод жыхароў раёна. Паўдзельнічалі ў ім і мы. Людзям на вуліцах Ушач распавядалі пра найбольш распаўсюджаныя схемы тэлефоннага і інтэрнэт‑махлярства, тлумачылі, як распазнаць небяспеку і якія дзеянні прадпрымаць у выпадку падазроных званкоў або паведамленняў. Амаль кожны, з кім давялося пагутарыць, сутыкаўся са спробамі падману асабіста або яго сваякі.
Так, Валянціне Салавей тэлефанавалі невядомыя і прадстаўляліся работнікамі камунальных службаў, прапаноўвалі тэрмінова замяніць прыборы ўліку. Яўгеніі Вітко – нібыта з МТС з парадай памяняць дагавор, спрабуючы атрымаць персанальныя даныя. Іншай пажылой жанчыне паведамілі, што яе дзеці нібыта трапілі ў аварыю, і патрабавалі грошы – класічная схема, разлічаная на даверлівасць і разгубленасць. На шчасце, у той момант яны якраз гасцявалі ў яе, і махлярская схема не спрацавала. Яшчэ адной грамадзянцы настойліва раілі аформіць крэдыт на тэлефон.
Таксама актуальная гэта тэма і для дзяцей, бо яны даверлівыя, іх можна запалохаць, а таму вельмі павучальным было мерапрыемства для падлеткаў менавіта з «Віцязя».
Падобныя гісторыі пацвярджаюць, што ашуканцы актыўна выкарыстоўваюць псіхалагічны ціск на трывогу і давер. Яны могуць прадстаўляцца супрацоўнікамі банкаў, мабільных аператараў, сацыяльных службаў, міліцыі, камунальных арганізацый.
Тыдзень лічбавай граматнасці пацвердзіў, што прафілактыка застаецца ключавым інструментам абароны. Чым больш людзі ведаюць аб схемах ашуканцаў, тым меншая верагоднасць стаць іх ахвярай. Будзьце пільныя, захоўвайце спакой і правярайце любую інфармацыю – менавіта гэта сёння з’яўляецца лепшай абаронай.
Юлія Гаўрылюк, старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС:
“Хочацца нагадаць землякам наступныя правілы. Не паведамляйце па тэлефоне пашпартныя даныя, коды з SMS, рэквізіты карт; не пераходзьце па сумніўных спасылках; не выконвайце аперацыі па ўказанні невядомых. Калі вам штосьці прапаноўваюць, варта самастойна ператэлефанаваць у арганізацыю па афіцыйным нумары або звярнуцца ў міліцыю”.
Анастасія ПОЛАЗАВА.

