Когда работа — удовольствие. История механизатора Александра Касниковского, который не боится перемен

Сельское хозяйство

Механізатарскі састаў на касавіцы можна падзяліць на два “палкі”: людзі, імёны якіх не пытаешся, паколькі на працягу дзесяцігоддзяў сустракаеш іх на палях. І зусім незнаёмыя – прадстаўнікі прадпрыемстваў, што ўваходзяць у холдынгі і прыязджаюць дапамагаць. На палетках “Сафійскіх дароў” такія былі і раней, і зараз. Таму калі малады трактарыст у прыгожай форме прадставіўся: “Аляксандр Каснікоўскі з Глыбоцкага раёна”, канечне, падумалася, што і ён са звяна райаграсэрвіса. Аднак, аказалася, што Аляксандр мае пастаянную ўшацкую прапіску, хоць і атрымаў яе нядаўна.

На касавіцы ён выконвае, бадай, самы прыгожы від работ – валкаванне. Дзевяціметровыя граблі падхопліваюць свежую траву, успушваюць і сушаць на ветры. Не ходзяць, а бегаюць па сенажаці, нягледзячы на даўгую канструкцыю. “Я ж заўсёды “даганяю” – нашы хлопцы паспяваюць намнога больш скасіць, таму траву ў валкі зграбаю правяленую, што аптымальна для закладкі ў траншэі”.

Паколькі працэс гэты бесперапынны, за дзень Аляксандр праходзіць пад 25 гектараў. Спыняцца, канечне, здараецца. Ці на вымушаны рамонт, як і было ў час нашай размовы, калі “паляцела” гідраўліка, ці пры пераездзе на іншыя палі. Граблі апошняга пакалення тым і карысныя, што могуць складацца ў залежнасці ад контурнасці палёў і травастою. На густой зялёнцы аптымальная шырыня захопу 4,5 метра, на рэдкай можа дасягаць шасці. Рашэнне прымае трактарыст, улічваючы нагрузку.

У самога Аляксандра яна вельмі адчувальная. Падымаецца ў 5 гадзін, каб паспець дабрацца з Глыбачкі да Ушач. Потым 11 гадзін за штурвалам з невялікімі перапынкамі на перакус і каб асвяжыцца. У трактары, які эксплуатуецца дзясяты сезон, няма кандыцыянера, таму заўсёды бярэ з сабой ваду. Вяртаецца дадому пад 9 вечара. Дарэчы, жонка Ніна таксама працуе ў “Сафійскіх дарах” эканамістам.

Яшчэ няма і года, як сям’я пераехала ў аграгарадок Глыбачка. Засталася спадчына – дом цесця, былога кіраўніка “Глыбачан” Сяргея Іванавіча Кірпічонка. Сям’я Каснікоўскіх на Глыбоччыне мела кватэру, што на вёсцы – не самы лепшы варыянт. А апошнім часам у пошуках стабільных заробкаў працавалі на Міёршчыне. І вось зараз абжываюцца грунтоўна – робяць рамонт дома, добраўпарадкоўваюць сядзібу. Ідэальна, каб і работа была на месцы, таму спачатку Аляксандр уладкаваўся ў Глыбачанскае лясніцтва. Аднак прызнаецца, што тралёўка аказалася не па душы. “Люблю мяняць від дзейнасці, і мой Беларус-1221 ідэальна для гэтага падыходзіць. Універсальны трактар, з якім заўсёды будзеш заняты – ці з прычапнымі агрэгатамі, ці на адвозцы”, – расказвае механізатар, які мае І клас і таму можа сесці за штурвал любой тэхнікі. Вось і ў “Сафійскіх дарах” пабываў ужо і на пагрузцы кармоў на маленькім Амкадоры, і з плугамі, культыватарам на “Кіраўцы”. Аляксандр – лёгкі на пад’ём, таму любыя перамены ўспрымае пазітыўна.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *