Более 20 лет на страже дорог. Старший госавтоинспектор Денис Бабенок о службе, трагедиях и безопасности

Главное

За больш чым 20 гадоў службы ў міліцыі ў старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ Дзяніса Бабянка не ўзнікала думак змяніць прафесійны шлях, звязаць жыццё з іншай сферай дзейнасці. А калі сёлета стала вядома, што яго імя ў ліку іншых лепшых працаўнікоў занесена на раённую Дошку гонару, ад многіх землякоў давялося пачуць: “Ён заслугоўвае такога прызнання”. Ці не гэта лепшае сведчанне таго, што чалавек сапраўды на сваім месцы?

А неяк зімой у рэдакцыю завітаў жыхар раёна з просьбай праз газету падзякаваць Дзянісу Уладзіміравічу – у марознае надвор’е на дарозе зламалася аўто і міліцыянер у час нясення службы паспрыяў вырашэнню праблемы. Так, экіпажы ДПС заўсёды арыентаваны на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху.

У свой час мары пра тое, каб стаць менавіта супрацоўнікам ДАІ у Д.Бабянка не было, але цяга да аўтамабіляў, іншай тэхнікі як і ў многіх хлапчукоў прысутнічала. А спачатку плінскі хлопец пайшоў па шляху бацькоў і пасля заканчэння Віцебскага дзяржуніверсітэта атрымаў размеркаванне ў Слабадскую школу настаўнікам. Яго ўрокі фізічнай культуры вельмі падабаліся вучням, і Дзяніс Уладзіміравіч прыгадвае тыя часы з цеплынёй. Пасля арміі вярнуцца ў школу не атрымалася, а паступіла прапанова пайсці служыць у райаддзел міліцыі. Некаторы час мужчына выконваў абавязкі ўчастковага інспектара, а потым перайшоў у аддзяленне дзяржаўтаінспекцыі. Справа няпростая, але вельмі адказная і патрэбная. У тым жа, што з’яўляецца ўраджэнцам раёна, бачыць больш станоўчага, чым адмоўнага: добра ведае тэрыторыю, кожную дарогу і людзей, пры гэтым умее раздзяляць сяброўства і работу.

Сёлета Дзяржаўтаінспекцыя Міністэрства ўнутраных спраў адзначае 90-годдзе. Гісторыя службы пачалася 3 ліпеня 1936 года, калі ў Мінску запрацаваў першы аддзел па рэгуляванні дарожнага руху. Віншуем сённяшніх супрацоўнікаў і ветэранаў службы са святам!

Вопытны дзяржаўтаінспектар памятае шмат розных дарожных сітуацый, хаця некаторыя моманты хацелася б назаўжды забыцца. У прыватнасці, дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх гінуць людзі. Бачыць ахвяр аварый, слёзы адчаю і гора – да такога немагчыма прывыкнуць, але ў падобных выпадках Дзяніс Уладзіміравіч умее захоўваць халаднакроўе і здольнасць да прыняцця верных рашэнняў. Нецвярозы мужчына сеў за руль і не справіўся з кіраваннем на закругленні дарогі ля Павулля – загінула пасажырка аўто. Вадзіцель выехаў на сустрэчную паласу ля Вацлавова – абарвалася жыццё сямейнай пары. На той жа дарозе не абазначыла сябе ўначы флікерамі жанчына і трапіла пад колы. У Двор Пліна смяротным аказаўся наезд на пенсіянера, які на веласіпедзе ехаў на рыбалку…

“Хочацца, каб бед на дарозе было як мага менш і да кожнага ўдзельніка руху – і вадзіцеля, і пешахода – нарэшце дайшло ўсведамленне таго, што бестурботнасць прыводзіць да няшчасця”, – дзеліцца сваімі думкамі Дзяніс Уладзіміравіч.

У цяперашні час у яго абавязкі ўваходзіць кантроль за выпускам і рухам школьных аўтобусаў, утрыманнем дарог, работа транспарту арганізацый і прадпрыемстваў, узаемадзеянне са СМІ і прафілактычны напрамак. Дарэчы, дзяржаўтаінспектар зазначае, што ў апошнія гады аўтамабілісты сталі больш дысцыплінаванымі і законапаслухмянымі. Спрыяе гэтаму ў тым ліку і наяўнасць шматлікіх камер відэаназірання. “Наша задача – не пакараць як мага большую колькасць людзей, а каб на дарогах было бяспечна. Прыемна, калі спыняеш аўтамабіль – і дакументы ў парадку, і вадзіцель нічога не парушае”, – робіць акцэнт Дзяніс Уладзіміравіч.

Толькі добрыя словы ў адрас гэтага супрацоўніка можна пачуць ад яго кіраўніцтва, ён карыстаецца аўтарытэтам сярод калег і з’яўляецца настаўнікам для маладой змены аддзялення. Нягледзячы на тое, што ўсё больш адгукаецца траўма нагі, атрыманая яшчэ ў часы фізкультурнай кар’еры, Д.Бабянок працягвае службу.

Днём і ноччу трэба знаходзіцца на сувязі, несці службу і ў будні, і святы – з разуменнем заўсёды ставілася да такой неабходнасці сям’я Дзяніса Уладзіміравіча. Ён жа падкрэслівае, што ў любой справе, на любым месцы чаго-небудзь дасягнуць можна толькі калі цалкам аддавацца таму, што робіш.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *