В 67-й раз «Курган Дружбы» собрал россиян и белорусов, чтобы почтить память героев ВОВ. Участие приняла и делегация Ушачского района

Главное Общество

Курган Дружбы ў 67-ы раз сабраў наследнікаў пакалення пераможцаў. Гэты мемарыяльны комплекс быў узведзены на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі ў 1959-м годзе ў памяць аб адзінстве народаў у час Вялікай Айчыннай вайны, і сюды штогод прыязджалі былыя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі трох рэспублік. У апошні час латвійскі бок адмежаваўся ад былых саратнікаў, а вось сяброўства беларусаў і расіян застаецца такім жа моцным.

Гэта адлюстравалі ўжо першыя хвіліны сёлетняга мерапрыемства, калі прадстаўнікі дэлегацый Віцебскай і Пскоўскай абласцей віталі адзін аднаго не проста пацісканнем рук, а цёплымі абдымкамі.

“Час няўмольны, ветэранаў становіцца з кожным годам усё менш, але традыцыі сустрэч на Кургане Дружбы падхапілі нашчадкі… Мы абавязаны захаваць сяброўства і братэрства, закладзеныя нашымі дзядамі”, – падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў у сваёй прамове на мітынгу-рэквіеме.

Прадстаўнікі ўлады двух абласцей, дэлегацыі раёнаў, жыхары прымежных населеных пунктаў, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны і моладзь – сустрэча як заўжды ўразіла масавасцю і велічнасцю. Калі яе ўдзельнікі пачалі ўскладаць кветкі да помніка беларускім героям-камсамольцам Прошкаўскага падполля і манумента, што ўвекавечыў подзвіг закатаванай фашыстамі расійскай партызанкі-разведчыцы Марыі Пынто, людскі паток здаваўся бясконцым…

У гэтай сустрэчы свая гукавая афарбоўка. У ёй – журботныя званы капліцы Сергія Раданежскага, што абвяшчаюць пачатак ліціі па загінуўшых воінах. На кіламетры наўкол разносіцца легендарная “Кацюша”, якую ўдзельнікі традыцыйна спяваюць хорам у тысячу галасоў. Франтавыя мелодыі гучалі ў гэты дзень і на галоўнай сцэне мерапрыемства, і на шматлікіх тэматычных пляцоўках, а гледачы дружна падхоплівалі знаёмыя з дзяцінства тэксты. Былі і “стыхійныя” выступленні: на лясной дарожцы мы ўбачылі кампанію людзей, якія, узяўшыся за рукі, спявалі знакавы хіт “Дзве сястры – Беларусь і Расія”.

Што да колеравай палітры свята, то ў ёй пераважалі спалучэнні зялёнага, чырвонага, белага і сіняга, упляталіся ў яе і сцягі рэгіёнаў, партый, грамадскіх аб’яднанняў. Лунаў на Кургане Дружбы і бела-блакітны флаг Ушаччыны. “Прыязджаю сюды літаральна кожны год – і штораз асаблівая атмасфера сустрэчы выклікае ў душы цэлую гаму пачуццяў. Прыемна бачыць тут столькі моладзі: прыгожых, ініцыятыўных, патрыятычных юнакоў і дзяўчат, дзеля шчасця якіх героі вайны не пашкадавалі свайго жыцця”, – падзяліўся ўражаннямі кіраўнік нашай дэлегацыі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў.

Напярэдадні свята па традыцыі адкрыўся беларуска-расійскі адукацыйна-патрыятычны лагер “Курган-2026”. На вялізнай паляне разбілі палаткі 27 каманд з розных гарадоў і раёнаў. У іх ліку і ўшацкая моладзь – 13 актывістаў з розных прадпрыемстваў і арганізацый.

“Праграма была вельмі насычанай: тэматычныя інтэрактывы, інтэлектуальныя і творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы. У апошніх, дарэчы, мы праявілі сябе асабліва: заваявалі “срэбра” ў перацягванні канату. Усім спадабалася і наша насценгазета! – расказалі нам удзельнікі лагера Станіслаў і Марыя Капусцёнкі. – Ну а галоўны вынік гэтых трох незвычайных дзён – яркія эмоцыі, новыя знаёмствы. Мы ўбачылі, што беларуская і расійская моладзь – вельмі падобная. У нас супольныя мэты: удасканальваць сябе і спрыяць далейшаму росквіту сваіх краін”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: кветкі ўскладаюць прадстаўнікі кіраўніцтва Віцебскай і Пскоўскай абласцей; дэлегацыя Ушаччыны; маладзёжная каманда нашага раёна ў лагеры “Курган-2026”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *