Металлург, аграрий, строитель, или богатая судьба Александра Бутовского

Общество

“У мяне сёлета яшчэ два юбіляры, у верасні і снежні абавязкова павіншуем”, – старшыня ветэранскай пярвічкі аграгарадка Арэхаўна Ганна Барысаўна Троцкая анансуе планы кіраўніку раённай арганізацыі Н.А.Васілеўскай. Ніна Аляксандраўна, канечне, пагаджаецца, паколькі пераканана, што самае прыемнае для людзей ва ўзросце – гэта ўвага, і падтрымлівае ініцыятыву з месцаў. Ну а на гэты раз мы стукаемся ў дзверы Аляксандра Якаўлевіча Бутоўскага. Чакаем, што адчыніць нехта з блізкіх, хто даглядае сталага бацьку. А на парозе сам імяніннік – падцягнуты маладжавы мужчына, да якога ніяк не пасуецца лічба 90.

Акрамя выдатнага знешняга выгляду ў Аляксандра Якаўлевіча аказалася яшчэ і зайздросная памяць, а паколькі яму выпала папрацаваць ў розных сельгаспрадпрыемствах Ушаччыны, то асабістая біяграфія супала з развіццём раёна, ды і Савецкага Саюза, бо палову стажу ён зарабіў на металургічным заводзе Казахстана, а пабываў ураджэнец маленькай вёскі з гаваркой назвай Пушча практычна ва ўсіх баках вялізнай рэспублікі.

У 1951-м скончыў Плінскую сямігодку і атрымліваў рабочыя спецыяльнасці. Спачатку ў Беларусі займеў “корачкі” трактарыста, а ў ленінградскай школе ФЗУ – металапракатчыка. Так і аказаўся ў горадзе Балхаш, дзе выпускалі не толькі жалеза, а і медзь, латунь. Тры гады службы ў ракетных войсках у Туркменістане і вяртанне на завод, дзе яго чакала будучая спадарожніца жыцця, медсястра Паліна. Ні сям’я, ні час не перашкаджалі Аляксандру далей вучыцца – ён завочна заканчвае вячэрнюю школу, а потым і Карагандзінскі політэхнічны інстытут.

Толькі заўсёды цягнула на радзіму. Меркаваў уладкавацца ў Наваполацк, але спачатку ўсё ж завітаў ва Ушацкі райкам партыі. “Інжынер у саўгас “Касары” патрэбны”, – радасна сустрэў першы сакратар В.Пасах. І хоць і тлумачыў Аляксандр Якаўлевіч, што да сельскагаспадарчай тэхнікі мае дачыненне толькі як механізатар і вадзіцель – угаварылі. Спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй тады ўвогуле было вельмі мала, і на працягу года ён ужо дырэктар саўгаса “Кублічы”. Тры з паловай тысячы гектараў ворыўнай зямлі, амаль столькі ж буйной рагатай жывёлы. Пагалоўя і пашаў было многа, а вось тэхнікі – не, усё трымалася пераважна на руках такіх працаўнікоў, як Герой Сацыялістычнай працы Марыя Барысаўна Вератнёва. Канечне, А.Бутоўскі да гэтага часу памятае імя перадавой свінаркі са Скачых: з пяці ўраджэнцаў Ушаччыны, удастоеных гэтага самага высокага звання, толькі яна адна – за працу на тэрыторыі раёна.

Галоўны інжынер перасоўнай механізаванай калоны, райсельгасхарча, кіраўнік толькі ўтворанага вучэбнага камбіната… А самым плённым адрэзкам ветэран працы лічыць будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў у саўгасе-камбінаце “Арэхаўна”. Камандзіроўкі ў Лучосу, дзе ўжо стаяў падобны – адзіны ў вобласці ў 1976-м, пастаўкі абсталявання з Украіны. Тры з паловай гады працягвалася ўзвядзенне аб’екта, дырэктарам якога быў яшчэ адзін сёлетні юбіляр І.І.Сіпко. “Тры вялізныя катлы для абагрэву, меркавалася спачатку працягнуць цеплаправод ад нашай кацельні, каб абаграваць і дамы работнікаў у Арэхаўне, потым пабудавалі там асобную. Механізаваная раздача шайбатрасамі сухога камбікорму, а вось юшку, якую спецыяльна варылі з марской рыбы для свінаматак з малымі, залівалі ў карыты шлангамі з бочкі. Кныры атрымлівалі курыныя яйкі і абавязкова – мацыён на свежым паветры. Праўда, хадзіць па спецыяльна абсталяваным крузе яны не заўсёды любілі, і іх падштурхоўвалі да прагулак слабым разрадам току па кончыку хваста. Рэдуктар з двума рэжымамі хуткасці – гэта не адзінае наша вынаходніцтва. Ніякіх клопатаў не было ў першы час эксплуатацыі і з ачышчальнымі збудаваннямі – вада, якой змывалі гной, пасля адстойнікаў была празрыстай, як з-пад крана. Пазней яны ператварыліся ў галаўны боль комплексу, ды і многія іншыя тэхналагічныя ланцужкі перасталі функцыянаваць”, – прыгадвае Аляксандр Якаўлевіч.

Паколькі ў Казахстане быў заняты на шкоднай вытворчасці – на пенсію ён пайшоў у 55, хаця яшчэ пэўны час працягваў працу і ніколі не спыняў яе на ўласным агародзе. А які рамонт і ідэальны парадак у іх з густам аформленай чатырохпакаёвай кватэры. Праўда, разам з бацькамі жыве дачка Святлана, якая ў асноўным займаецца гаспадаркай.

“Калі Якаўлевіч ідзе па вуліцы, можна падумаць, што малады чалавек – такая ў яго выпраўка. І зараз яшчэ даглядае градкі, аматар лазні і парылкі, як і ўвогуле здаровага ладу жыцця. Траіх дзяцей з Палінай Аляксееўнай выхавалі. Паважаная ў Арэхаўне сям’я”, – рэзюмавала ў канцы нашай цікавай сустрэчы Г.Б.Троцкая.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *