Дыплом з пазнакай “Лепшы ветэранскі падворак”, атрыманы па выніках апошняга раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні, Людміла Аляксандраўна Лісоўская нідзе не афішыравала. Ды і не патрэбны такія доказы нікому, хто бывае на вуліцы Хутарской у Ліпаўцы – акуратны дом і гаспадарчыя пабудовы ў адным стылі, дагледжаны двор з мноствам кветак, іглічных раслін самі гавораць пра асаблівую працавітасць, добры густ гаспадыні.
Па гэтым адрасе – паміж раённай бальніцай і ТАА “Лес” – сям’я Лісоўскіх пасялілася паўстагоддзя таму. Разам з мужам ураджэнка Вялікадалеччыны сціпла абжывалася ў невялічкім драўляным будынку, ну а калі падраслі сыны, рашыліся на грандыёзныя перамены.
– Хоць Аляксандр і Сяргей не маюць будаўнічых спецыяльнасцяў, працуюць ў райаддзелах міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, практычна ўсё рабілі сваімі рукамі, – з гонарам расказвае Людміла Аляксандраўна. – Самі пабудавалі веранду і шыкоўную лазню-альтанку з садовымі арэлямі, якая стала любімай зонай нашага адпачынку, праклалі дарожкі ў двары, паставілі прыгожую агароджу. Апошнюю, праўда, ужо хочам замяніць: трухнее. Адзінае – пакуль з “мадэллю” не вызначыліся: малодшы агітуе за стыльную драўляную,
мы ж са старэйшым аддаём перавагу больш трывалай металапрофільнай.
Усё дасканала прадумваць – у прывычцы гэтай сям’і. Напэўна, таму кожны метр сядзібы задзейнічаны па-максімуме. Ля ўваходу – шыкоўная арка з пляцістай ружай. Пад вокнамі – імправізаванае міні-кафэ са столікам ды вялізнай лаўкай, дзе любяць пасядзець не толькі блізкія гаспадыні, але і госці. Непадалёк – мангал, які на летні перыяд дадаткова становіцца дэкаратыўнай падстаўкай для кветак. Радуюць ураджаем агарод з цяпліцай ды сад. А навокал дома – прыгожы палісад, які здзіўляе багаццем колераў ды пахаў з ранняй вясны і да позняй восені.
– Кветкамі захапляюся здаўна, – расказвае Л.А.Лісоўская. – Сярод любімых – ружы, ліліі і півоні, хаця нямала саджу і іншага: цюльпаны, гладыёлусы, рамонкі, петуніі, хрызантэмы, а нядаўна яшчэ і лаванду. Да выхаду на заслужаны адпачынак многія знаёмыя смяяліся, маўляў, вечарам не дамоў, а ў кветнікі спяшаюся. Я насамрэч перш за ўсё за паліў бралася, з пустазеллем змагалася – часу і сіл на гэта ніколі не шкадавала.
- Усё жыццё Людміла Аляксандраўна адпрацавала ў спажывецкай кааперацыі раёна, 20 год узначальвала прафсаюзную пярвічку. Перад выхадам на заслужаны адпачынак выконвала абавязкі намесніка галоўнага бухгалтара ў каапнарыхтпраме.
Зараз Людміла Аляксандраўна жыве адна, але без мужчынскага пляча не застаецца. З абкосам травы, расчысткай снегу, іншымі гаспадарчымі клопатамі дапамагаюць сыны, якія прыязджаюць даволі часта. Прычым, дбаюць не толькі на ўласным участку – займаюцца добраўпарадкаваннем бліжэйшай грамадскай тэрыторыі: уздоўж дарогі садзяць дрэўцы, са старых шын робяць кветнікі, прыбіраюць. За ўласныя сродкі і ўласнымі сіламі нават падсыпку дарогі ў пачатку вуліцы правялі – каб зручна было і самім, і іншым жыхарам.
– Саджуся, бывае, на ганак, і радуюся, – прызнаецца Л.А.Лісоўская. – Калі навокал прыгажосць і парадак, нават дыхаецца лягчэй – а так любую задуму, якіх яшчэ шмат, рэальна ажыццявіць!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


