
У аддзяленні сястрынскага догляду Ушацкай цэнтральнай райбальніцы – чарговае абнаўленне. Сучасны электрапад’ёмнік для маламабільных ці ўвогуле прыкаваных да ложка пацыентаў сюды перадаў дабрачынны фонд “ХэлпМі” сумесна з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Д.М.Карасём.
– Падтрымка сацыяльных і медыцынскіх устаноў – наш агульны прыярытэт, – адзначыў падчас візіту на Ушаччыну Дзяніс Мікалаевіч. – Сумеснымі намаганнямі мы робім знаходжанне пацыентаў у бальніцы больш камфортным, а работу медыкаў – больш бяспечнай і эфектыўнай.
Дарэчы, у апошнім мы мелі магчымасць упэўніцца на ўласныя вочы. Урач-фізіятэрапеўт райбальніцы В.А.Тойванен, якая ініцыіравала набыццё электрапад’ёмніка і знайшла спонсараў, ахвотна прадэманстравала ўсе яго выгоды.
На тое, каб транспарціраваць ляжачую пацыентку ў іншае памяшканне, спатрэбілася ўсяго дзве хвіліны, пры гэтым значных фізічных намаганняў медык не прыкладала. Усё вельмі проста: падкатваеш у патрэбнае месца абсталяванне (яго вага прымальная для прадстаўніц слабага полу), націскаеш кнопку для пад’ёму ці апускання механізму, прымацоўваеш “апранутага” ў тканкавы падвес чалавека – і можна каціць.
– Гэта вельмі неабходная для аддзялення рэч, хаця пры патрэбе зможам выкарыстоўваць яе і ў іншых, – падкрэсліла Вераніка Анатольеўна. – Нельга цягнуць пацыента за рукі ці падымаць за падмышкі: ёсць небяспека зламаць яму косткі ці вывіхнуць плячо. Але ж нам пастаянна трэба іх перамяшчаць – каб, напрыклад, правесці гігіенічныя працэдуры. Дарэчы, для гэтых мэт дадаткова плануецца правесці ў памяшканні невялікую мадэрнізацыю: замест ваннага пакою абсталяваць прасторную душавую – з магчымасцю закаціць пад’ёмнік ці спецыяльную каляску, на якіх зручна размесціцца нерухомы чалавек.
Новае абсталяванне вытрымлівае вагу да 180 кілаграмаў. Яго “гібкасць” дазваляе падняць пацыента не толькі з ложка, але і з падлогі. Адной зарадкі пры рэгулярным выкарыстанні ва ўмовах прыгаданага аддзялення ЦРБ хопіць у сярэднім на тыдзень.
За аказанне фінансавай падтрымкі, накіраванай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзялення, наваполацкім добраахвотнікам, філіялу фонда Аляксея Талая шчыра падзякавалі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, а таксама намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Леанід Леанідавіч Яўменчыкаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

