Адна з даўніх і нязменных ушацкіх традыцый – адзначаць другога жніўня дзень святога прарока Іллі святочным богаслужэннем у Стайскім бары. Кожны год у гэту дату сюды накіроўваюцца ўшачане з усіх куткоў раёна. І нават дождж ніколі не спыняе многіх адмяніць паездку. Сёлета Ільін дзень прыпаў на выхадны, а таму жадаючых прыняць удзел у мерапрыемстве і набраць з крыніцы асвячонай вады, нягледзячы на надвор’е, было нават больш, чым звычайна.
– Мая бабуля расказвала, як некалі тут стаяла драўляная царква і нават калі ад яе нічога не засталося, не адно пакаленне ўшачан другога жніўня прыходзіла да крыніцы за вадой, якая лічылася гаючай. Не заўсёды атрымліваецца прыязджаць у Стайскі бор менавіта ў свята, а сёлетні дзень асаблівы: роўна 30 гадоў мяне тут хрысцілі, – падзялілася сваімі ўспамінамі ўраджэнка раёна Таццяна Якіменка, якая зараз жыве ў Наваполацку.
Звычайна ў храмах на Іллю вада не асвячаецца, гэта ўшацкая традыцыя. Прыемна, што жыве яна столькі год, здзіўляе і геаграфія тых, хто пра яе ведае і прыязджае ў бор. Напрыклад, сёлета акрамя ўшачан былі жыхары суседніх Лепельскага, Глыбоцкага, Полацкага раёнаў, а таксама Віцебска і Маладзечна. Скарысталіся магчымасцю адкрыць для сябе штосьці новае, змястоўна правесці час і адпачываючыя санаторыя “Лясныя азёры”.
Айцец Вячаслаў правёў богаслужэнне і водасвятны малебен. У чарзе за вадой веруючыя прыгадвалі, як некалі з крыніцы яе зачэрпвалі вёдрамі, і вось на працягу ўжо многіх гадоў прывозіцца генератар і з дапамогай помпы вада хутка напаўняе розныя ёмістасці.
Не менее і жадаючых ахрысціць дзіця менавіта на Іллю ў Стайскім бары. 2 жніўня застанецца ў памяці і будзе пазначана ў пасведчанні дзясятка новых праваслаўных. Гэта былі выключна дзеці і падлеткі розных узростаў, прычым, не толькі мясцовыя, а і жыхары іншых гарадоў з нашымі ўшацкімі каранямі
- Штогод не застаюцца ўбаку ад падрыхтоўкі мерапрыемства органы мясцовай улады: да месца правядзення быў наладжаны бясплатны падвоз, для камфорту грамадзян работнікі Вялікадолецкага лясніцтва загадзя абкасілі тэрыторыю, замянілі частку лавак. Ну а актыўныя вернікі прыбралі тэрыторыю і наноў пафарбавалі крыж.
Вольга КАМАРКОВА.


