У раёне фінішавала ўборка зерневых і зернебабовых культур. Зараз аграрыі завяршаюць работу на ўчастках яравога рапсу, пасля чаго застанецца змалаціць насеннікі бабовых траў і ўбраць кукурузныя палеткі.
Тым часам шэфы, што дапамагалі нашым хлебаробам, вяртаюцца ў свае арганізацыі. Учора ў райвыканкаме ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі вайскоўцаў, якія шчыравалі на ўшацкіх нівах. Працоўны дэсант з васьмі ваеннаслужачых быў размеркаваны па трох гаспадарках. Ад імя раённага кіраўніцтва намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў шчыра падзякаваў хлопцам за дапамогу і ўручыў памятныя падарункі. Ён паведаміў, што ў іх падраздзяленні будуць накіраваны Лісты падзякі. А намеснік начальніка райсельгасхарча Таццяна Іванюта падкрэсліла, што памочнікі праявілі сябе стараннымі і дысцыплінаванымі, на іх працу не было ніводнага наракання.
“Гэта другі мой працоўны дэсант ва Ушацкім раёне: вясной прымаў удзел у пасяўной, так што ўжо лічу сябе амаль мясцовым! – не хаваў добрага настрою ваеннаслужачы адной з гродзенскіх часцей Ягор Севасцьяновіч. – Праца на хлебных нівах вельмі нялёгкая, але патрэбная. Мы атрымалі карысны вопыт, умацавалі фізічную загартоўку і будзем узгадваць гэту камандзіроўку як цікавы і плённы этап свайго жыцця”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

