На гэтым тыдні на комплексе “Юнацтва-Ушачы” праходзіў чэмпіянат па валейболе Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.
На ўшацкай пляцоўцы спаборнічалі восем каманд упраўленняў усіх абласцей і горада Мінска, а таксама цэнтральнага апарата камітэта. Падобны турнір на базе нашага аб’екта праводзіўся ўпершыню, а ідэя прывезці калег ва Ушачы належала начальніку ўпраўлення ДКСЭ па Віцебскай вобласці падпалкоўніку юстыцыі Андрэю Пазнякову, які раней прыязджаў да нас у якасці ўдзельніка патрыятычнай акцыі “Прарыў Перамогі” і быў прыемна ўражаны развіццём спартыўнай інфраструктуры.
Трэба сказаць, што валейбол – адзін з любімых відаў спорту супрацоўнікаў экспертнага ведамства, таму ўзровень гульні быў вельмі дастойны. Ва Ушачах гасцям спадабалася. “Летась чэмпіянат праходзіў у Брэсце, аднак сёлетні турнір у вашым райцэнтры па арганізацыі, умовах аказаўся не менш узроўневым! Утульныя нумары, добрае харчаванне, цудоўная зала, падтрымка гледачоў – усё пакінула найлепшае ўражанне. Хацелася б прыехаць да вас яшчэ!” – падзяліліся з намі валейбалісты з Мінска.
Прыходзілі на трыбуны і ўшачане – найперш падтрымлівалі віцебскую каманду, якая, зрэшты, пацвердзіла статус аднаго з фаварытаў і заняла 3-е месца. “Золата” – у магіляўчан, “срэбра” – у ігракоў цэнтральнага апарата.
Узнагароджанне адбылося на ўрачыстым мерапрыемстве, якое прайшло на “Прарыве”. Старшыня ДКСЭ генерал-маёр юстыцыі Аляксей Волкаў павіншаваў пераможцаў, пажадаў удзельнікам дасягнення новых прафесійных і спартыўных вяршынь і шчыра падзякаваў ушачанам за гасцінны прыём.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

